Справай арыштаваных супрацоўнікаў PandaDoc зоймецца цэнтральны апарат СК

Справай арыштаваных супрацоўнікаў PandaDoc зоймецца цэнтральны апарат СК

Справа чатырох супрацоўнікаў ІТ-кампаніі PandaDoc перададзеная ў цэнтральны апарат Следчага камітэта. Пра гэта парталу TUT.by распавёў адвакат Антон Гашынскі.

Айцішнікі былі арыштаваныя па падазрэнні ў крадзяжы ў асабліва буйным памеры. Да 11 верасня супрацоўнікам кампаніі павінны выставіць абвінавачанне ці адпусціць.

Адвакат распавёў, што ўсіх іх трымаюць у СІЗА на вуліцы Валадарскага. Умовы ўтрымання Гашынскі ахарактарызаваў як "мякка кажучы, нядобрыя". Пра саміх айцішнікаў сказаў, што яны трымаюцца: "Здзіўленыя абсурднасцю падазрэнняў, віну не прызнаюць".

На мінулым тыдні ў кампаніі PandaDoc прайшоў ператрус. Супрацоўнікі Дэпартамента фінансавай разведкі арыштавалі на два месяцы чатырох чалавек. Гэта бухгалтар Юлія Шардыка, дырэктар Дзмітрый Рабцэвіч, менеджар па прадукту Віктар Куўшынаў і HR Уладзіслаў Міхалап. Іх вінавацяць у тым, што яны як група асоб, выкарыстоўваючы сваё службовае становішча, узялі з бюджэту каля 107 тысяч рублёў, прычыніўшы шкоду дзяржаве.

У самой кампаніі сцвярджаюць, што абвінавачванне не адпавядае рэчаіснасці, а ўся дзейнасць фірмы вялася ў поўнай адпаведнасці з заканадаўствам. 

У PandaDoc ўпэўненыя, што рэпрэсіі тлумачацца ціскам на яе заснавальнікаў. Заснавальнік і кіраўнік кампаніі Мікіта Мікада раней адкрыта крытыкаваў беларускія ўлады і прапаноўваў варыянты дапамогі (у тым ліку матэрыяльнай) сілавікам, якія хочуць звольніцца з праваахоўных органаў. 

Віктар Куўшынаў дапамагаў педагогам, якія ўваходзілі у выбарчыя камісіі ды сталі сведкамі фальсіфікацыі, падаць заяву ў праваахоўныя органы. Таксама ён абяцаў дапамагчы з пошукам працы пры звальненні.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі