Следства заявіла, што "Боінг" на Данбасе збілі з "Бука" 53-й расійскай брыгады

Следства заявіла, што "Боінг" на Данбасе збілі з "Бука" 53-й расійскай брыгады

Аб'яднаная следчая група, у якую ўваходзяць прадстаўнікі пяці краін, заявіла, што "Боінг-777", які выконваў рэйс МН17 "Малазійскіх авіяліній", быў збіты ў небе над Данбасам 17 ліпеня 2014-га з устаноўкі "Бук", якая належыць 53-й расійскай брыгадзе супрацьпаветранай абароны. Яна дыслакуецца пад Курскам, піша "Новая газета".

24 траўня ў Нідэрландах прайшла спецыяльная прэс-канферэнцыя. На ёй заявілі, што ў чэрвені 2014-га зенітна-ракетны комплекс выехаў з Курска ў Растоўскую вобласць, а адтуль — на Данбас. Падазраванымі ў датычнасці да крушэння пасажырскага самалёта з'яўляліся каля сотні чалавек, цяпер спіс скарацілі да "некалькіх дзясяткаў". Іх імёны следчыя не называюць.

На прэс-канферэнцыі было паказанае мноства фота і відэа (частка матэрыялаў атрыманая з сацсетак), якія ілюструюць рух менавіта гэтага "Бука" па расійскай тэрыторыі. Было заяўлена, што гэта далёка не ўсё, што мае следства.

"Боінг-777" быў збіты 17 ліпеня 2014 года, загінулі 298 чалавек, якія знаходзіліся на яго борце. Большасць з іх — грамадзяне Нідэрландаў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі