"Сістэма гадуе цынічных чыноўнікаў" — як аптымізуюць беларускі дзяржапарат

"Сістэма гадуе цынічных чыноўнікаў" — як аптымізуюць беларускі дзяржапарат

У Беларусі адбываецца аптымізацыя дзяржаўнага апарата. Адміністрацыю прэзідэнта, напрыклад, да 1 траўня абяцалі скараціць на 30%. Для гэтага толькі з яе трэба было б звольніць 45 чалавек. Але, паводле афіцыйнай статыстыкі, за апошнія тры месяцы звольнена ўсяго 25 беларускіх дзяржслужбоўцаў.

Аналізам стану спраў у дзяржаўных установах займаюцца супрацоўнікі недзяржаўнай школы SYMPA. Пра "вечную" аптымізацыю, спачуванне чыноўнікам і вяртанне экспатаў, высокіх спецыялістаў, якія з’ехалі з Беларусі, размаўляем з дырэктаркай школы Наталляй Рабавай.

"Скарачаюць людзей, якія працуюць з наведвальнікамі, прымаюць дакументы"

Еўрарадыё: Вы верыце, што дзяржаўны апарат скарачаецца? Ці гэта проста словы?

Наталля Рабава: Размовы пра аптымізацыю дзяржаўнага апарату пачынаюцца роўна тады, калі пачынаецца эканамічны крызіс. Думаю, калі б сёння вярнуліся выдатныя стасункі з Расіяй і высокія цэны на нафту, пра гэтую ініцыятыву б ціха забыліся. То бок, скарачацца прымушаюць час ці абставіны.

Еўрарадыё: А якая-небудзь статыстыка ёсць? Як адбываецца "аптымізацыя дзяржапарату"?

Наталля Рабава: Пра сённяшні этап пакуль што казаць складана. Але, паколькі гэта не першая спроба скарачэння, можна сказаць, як гэта звычайна адбываецца. Прыбіраюцца вакансіі, якія стаяць незапоўненымі. Знікаюць пасады, на якіх працуюць чыноўнікі пенсійнага ўзросту. То бок, знікае і пасада, і чалавек. Таксама дзяржслужачых пераводзяць у шэрагі простых супрацоўнікаў. Часам нават ствараюцца непатрэбныя вакансіі, каб пасля іх аптымізаваць.

Еўрарадыё: Цікава.

Наталля Рабава: А часам узнікаюць скандалы, калі прыбіраюць не "начальства", а людзей, якія працуюць з наведвальнікамі, прымаюць дакументы і робяць чарнавую працу. Напрыклад, была шалёная чарга на перарэгістрацыю прадпрыемстваў — ледзь не суткамі трэба было стаяць на плошчы Свабоды, каб толькі падаць дакументы. Так атрымалася менавіта таму, што скарацілі людзей знізу, шараговы апарат.

Спачатку Косінцу даручылі аптымізаваць дзяржапарат, а пасля "аптымізавалі" самога

Еўрарадыё: Вось, напрыклад, 13 лютага Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ пра "аптымізацыю" Адміністрацыі прэзідэнта на 30%. Але мы бачым, як туды вяртаюць колішняга яе кіраўніка Аляксандра Косінца, прычым, на пасаду, якой у новай сціснутай структуры АП не было.

Наталля Рабава: Ну так, Косінец як памочнік прэзідэнта будзе неяк асобна стаяць. Ён два гады ўзначальваў адміністрацыю. У снежні 2016 года яму далі даручэнне аптымізаваць дзяржаўны апарат, а пасля — амаль адразу звольнілі ў сувязі з пераходам на іншую працу. Аднак ні пра якую іншую працу Косінца мы не даведаліся. Ёсць такая версія: амаль паўгода прайшло, і, можа, яго зноў запрасілі працаваць, каб ён не трапіў пад дзеянне дэкрэта аб дармаедах?

SYMPA — Школа маладых менеджараў публічнага адміністравання. У гэтым праекце чыноўнікі і людзі, так ці інакш датычныя да апарата ўлады, разам з актывістамі грамадскіх арганізацый, маладымі юрыстамі і журналістамі вучацца практыкам дзяржаўнага кіравання. Студэнты SYMPA вандруюць па розных краінах і глядзяць, як працуюць мэрыі, як размяркоўваюцца мясцовыя бюджэты, як будуюцца дарогі. Таксама абмяркоўваецца магчымасць прымяніць лепшыя практыкі ў Беларусі. "Мы робім змяшаныя групы, і людзі часта здзіўляюцца, што нармальныя людзі ёсць і з іншага боку барыкадаў", — заўважае Наталля Рабава.

Еўрарадыё: А калі сур'ёзна, дык аптымізацыя дзяржаўнага апарата — гэта трэнд года, пяцігоддзя ці дзесяцігоддзя?

Наталля Рабава: Гэта боль, пра які Аляксандр Лукашэнка не спыняе размоваў ужо шмат гадоў. І падчас Косінца, і пасля. Нядаўна Качанавай (Наталля Качанава — цяперашні кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта. — Еўрарадыё) зноў далі даручэнне аб скарачэнні. Час ужо з ім разабрацца, бо заробак дзяржслужачым абяцалі падняць толькі пасля аптымізацыі, а яна ніяк не скончыцца.

Еўрарадыё: І што, заробкі дзяржаўных служачых не растуць?

Наталля Рабава: Пэўнае скарачэнне ўсё ж адбылося, а значыць, пэўная колькасць грошай вызвалілася. Але фармальна падзяліць іх паміж тымі службоўцамі, якія засталіся працаваць, немагчыма, пакуль аптымізацыя не скончыцца.

"Сістэма гадуе цынічных чыноўнікаў" — як аптымізуюць беларускі дзяржапарат
Наталля Рабава. Фота з Facebook

Еўрарадыё: Калі Аляксандр Лукашэнка ўпершыню абіраўся прэзідэнтам, яму было 39 гадоў, і ў яго камандзе былі людзі прыкладна яго ўзросту. Прайшло амаль 23 гады. Ці сталее чыноўніцтва разам з кіраўніком краіны?

Наталля Рабава: Калі казаць пра дзяржапарат увогуле, дык там многа кадраў перадпенсійнага і пенсійнага ўзросту, а таксама многа моладзі, і відавочны правал па людзях сярэдняга ўзросту. А калі казаць пра топ-менеджараў, якія ідуць разам з Аляксандрам Лукашэнкам, дык у асноўным яны цяпер маладзейшыя за яго. Хаця ёсць і зубры накшталт Мясніковіча, якія былі ў вялікай палітыцы яшчэ да прэзідэнта.

Еўрарадыё: Ці лёгка Лукашэнку знаходзіць агульную мову з новым пакаленнем чыноўнікаў?

Наталля Рабава: Мяркуючы па яго выступах, часам яму даводзіцца не тое, што ламаць сябе, але... Яны прапануюць непрыемныя меры, на якія ён не хоча ісці. Тады бачнае раздражненне і гучаць фразы накшталт "мне з усіх бакоў кажуць тое, рэкамендуюць гэтае...". Заўважце, ён вельмі рэдка і мала дае гэтым сваім людзям пазітыўныя ацэнкі . "Мне падкінулі такую добрую ідэю...", "Наша міністэрства распрацавала выдатны план..." — ці памятаеце вы такое?

Еўрарадыё: Так, чыноўнікі на нарадах устаюць, як у школе перад настаўнікам, ці сядзяць, утаропіўшыся ў паперы, і нешта старанна запісваюць.

Наталля Рабава: Гэта відовішча, няпростае для псіхікі. Нават шкада іх робіцца. Увогуле, структура беларускай улады такая, што ўся ініцыятыва неперсаніфікаваная. Добры закон ці шкодны — мы не ведаем, хто за ім стаіць, на кім ляжыць адказнасць, каму быць удзячнымі. У нас законы не называюцца "папраўка Качанавай" ці "дапаўненне Мясніковіча".

Еўрарадыё: Толькі на плоце (у літаральным сэнсе) могуць пра гэта напісаць!

Наталля Рабава: Але на плоце — гэта на плоце. Мы ўсё роўна не ведаем, з'яўляецца Марыяна Шчоткіна аўтарам дэкрэта аб дармаедах ці не, падтрымлівае яна яго ці не, ці, можа, проста стаіць на пасадзе, дзе трэба было гэты дэкрэт узгадняць ды рэалізоўваць.

"Сістэма гадуе цынічных чыноўнікаў"

Еўрарадыё: Чым стары чыноўнік адрозніваецца ад маладога? Хто з іх лепшы для дзяржаўнага апарату?

Наталля Рабава: Тут трэба зыходзіць з дзяржаўнай стратэгіі. Бо дзяржапарат падбіраецца пад рэалізацыю пэўных задач. Калі ёсць накірунак на ліберальныя рэформы, патрэбныя дзёрзкія маладыя людзі з заходняй адукацыяй і добрай англійскай мовай. А калі мэта — усё закансерваваць і захаваць традыцыі, дык і апарат падбіраецца з пенсіянераў. Але ў Беларусі нейкай уцямнай стратэгіі развіцця краіны няма, усё вызначаецца імгненнымі памкненнямі, "лінія партыі" вагаецца разам з Аляксандрам Лукашэнкам. Складана сказаць, які чыноўнік найбольш падыходзіць для гэтага. Відаць, гнуткі.

Еўрарадыё: А гнуткі чыноўнік — гэта прыстасаванец? Хутчэй, выканаўца, чым ініцыятар?

Наталля Рабава: Натуральна! Такая сістэма гадуе цынічных чыноўнікаў. Яны не спяшаюцца выконваць даручэнні, бо ведаюць, што заўтра іх могуць адмяніць. З ініцыятывай пры такім стане справаў выходзіць не тое, што небяспечна, але, па меншай меры, бессэнсоўна.

Еўрарадыё: Бо будзе ўсё роўна так, як вырашаць "наверсе"?

Наталля Рабава: Безумоўна, не ўсе ініцыятывы належаць Аляксандру Лукашэнку, ён не сам піша ўсе гэтыя бясконцыя праекты пастановаў. І нешта сваё міністэрствы могуць праз яго правесці. Але з усёй плыні ініцыятываў, якія ідуць знізу, вельмі нешматлікія атрымліваюць падтрымку. А значыць, шмат праца робіцца ўпустую.

Экспатаў "вяртаюць" у краіну не грошы, а магчымасць упісаць сваё імя ў гісторыю

Еўрарадыё: Ці ёсць у Беларусі "рэсурс экспатаў"? Калі Грузія здолела вярнуць у краіну паспяховых адміністратараў, якія раней па розных прычынах з'ехалі шукаць шчасця за мяжой, дык, можа, і ў нас ёсць такі шанец?

Наталля Рабава: Насельніцтва Беларусі большае, чым насельніцтва Грузіі. Дык чаму ў нас не знойдзецца таленавітых экспатаў? Беларусы — людзі адукаваныя, шмат хто працуе за мяжой і асвойвае лепшыя практыкі. Наўрад ці тут ім прапануюць шалёныя грошы. Затое тут ёсць велізарныя магчымасці для самарэалізацыі. У Грузіі шматлікія чыноўнікі казалі нам, што менавіта гэта іх прыцягнула. Калі ў гатовую сістэму — хочаш, не хочаш — трэба ўбудоўвацца, дык там была прастора для творчасці!

Еўрарадыё: То бок, сэнс у тым, што ты можаш упісаць сваё імя ў гісторыю краіны?

Наталля Рабава: Так.

Еўрарадыё: Дарэчы, цікава, чаму Парк высокіх тэхналогій узначаліў дзяржаўны ідэолаг, а не, скажам, распрацоўшчык Viber? Сістэма не гатовая?

Наталля Рабава: Сістэма зацікаўленая ва ўзмацненні кантроля над ПВТ, а не ў тым, каб запрасіць сюды якога-небудзь "Цукерберга". Пагадзіцца ён ці не — адна справа, а іншая — ці дадуць яму тут тую ступень свабоды, якую ён запатрабуе?

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі