Што змянілася ў працы крам, якія закрывала Міністэрства гандлю?

Мінскія крамы, закрытыя Міністэрствам гандлю, правялі працу над памылкамі.

Цяпер на ўваходзе ў абутковую краму "Мегатоп", што ў ГЦ "Сталіца", наведвальнікаў сустракаюць каробкі з абуткам, над якімі красуюцца шыльды "Мы зробленыя ў Беларусі" у духу моднага цяпер нацыянальнага арнаменту. А абутак уласнай фабрыкі “Мегатоп” можна купіць па добрых сезонных зніжках.

Каб прывесці асартымент у адпаведнасць з Указам №567, сеткі абутковых крамаў яшчэ да закрыцця пачалі "нарошчваць" беларускія тавары. Пра гэта распавядае PR-менеджар "Мегатопа" Ксенія Рэпіна:

"І час, пакуль мы былі зачыненыя, а гэта амаль пяць дзён, мы патрацілі на тое, каб давесці пачатае да канца. Цяпер у нашых крамах апроч жаночага абутку беларускай вытворчасці, якую мы выпускаем пад брэндам Happy Family, прадстаўлены абутак іншых беларускіх вытворцаў — фабрыкі "Нёман", Otiko, "Луч" і іншых".

Па словах Ксеніі, галоўнай прэтэнзіяй Мінгандлю да "Мегатопа" была адсутнасць у продажы айчыннага мужчынскага і дзіцячага абутку. Маўляў, ёсць спіс тавараў, якія мусяць быць прадстаўленыя ў асартыменце кожнай крамы — гэта зімовы і дэмісезонны мужчынскі абутак, жаночы, дзіцячы і хатні. Цяпер у краме ўсё гэта ёсць. Больш за тое, у бліжэйшым сезоне на паліцах з'явіцца дзіцячы і мужчынскі абутак з беларускай фабрыкі кампаніі.

Ці карыстаецца попытам выстаўленая ў "Мегатопе" беларуская прадукцыя, казаць яшчэ рана. А пра страты, выкліканыя прастоем, PR-менеджар "Мегатопа" кажа так:

"Гэта, натуральна, адбілася на нас, таму што падчас навагодніх святаў заўсёды ёсць павышэнне попыту, і гэтыя дні прастою па нас ударылі як маральна, так і фінансава. Але мы пастараліся выправіцца як мага хутчэй, і працягваем працу".

Прайшоўшыся па невялікім утульным памяшканні з прыемнымі водарамі крамы "Кравт" ("Л'эскаль") на Карла Маркса, можна заўважыць адсутнасць некаторых пробнікаў на тэстэр-стэндах. Маўляў, раз той ці іншы тавар адсутнічае ў продажы, то ён не можа быць прадстаўлены на стэндзе. Таксама з'явіўся стэнд з беларускай касметыкай.

Па словах пакупнікоў, адсутнасць пробнікаў на тэстэр-стэндах выклікае пэўныя нязручнасці, таму што цяпер немагчыма планаваць пакупкі.

У "Кравце", што ў “Кароне”, пры пакупцы парфумы адмаўляюцца даваць тэстары на іншую туалетную ваду, як гэта было раней. Тлумачаць, што пробнікі не маюць інфармацыі на рускай ці беларускай мовах, таму іх нельга раздаваць нават бясплатна.

У каталозе сайта крамы “Электрасіла”, якая з-за парушэнняў таксама патрапіла пад “раздачу” Мінгандлю, цяпер можна сустрэць шмат беларускай прадукцыі. Напрыклад, крама прапануе 10 варыянтаў Horizont, 5 — Vityaz, каля 10 духавых шафаў Gefest, 40 пліт гэтага ж вытворцы, 6 прасаў ад беларускіх фірмаў.

Нагадаем, пачынаючы ад снежня Мінгандлю праводзіць праверку дзейнасці крам і за парушэнні ў заканадаўстве прыпыняе дзейнасць некаторых з іх. Так, былі зачыненыя, а пасля адкрытыя крамы бытавой тэхнікі “Электрасіла” і “5 элемент”, больш за 20 крамаў абутковай сеткі “Мегатоп”, крамы “Гіпа”, “Ома” і іншыя.

Галоўнае фота: news.tut.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі