Шэсць гадзінаў тварам у зямлю пад дажджом: як спецназ разагнаў анархістаў

 Шэсць гадзінаў тварам у зямлю пад дажджом: як спецназ разагнаў анархістаў

Спецназ разагнаў сустрэчу анархістаў пад Крупкамі. Як перадае Белсат, каля 20 прадстаўнікоў гэтага руху сабраліся ў суботу на прыродзе. Раптоўна з лесу выбеглі людзі са зброяй, пачалі страляць у паветра і загадалі ўсім легчы тварам у зямлю — так апісваюць далейшыя падзеі відавочцы. Пасля спецназу (гэта быў САХР — спецыяльны атрад хуткага рэагавання) з’явіліся людзі ў цывільным і ўсе былі ў масках. Ніхто не называў сябе і не тлумачыў, што адбываецца.

Сілавікі абшуквалі затрыманых і аглядалі іх намёты. Потым па чарзе здымалі іх на відэа, прымушалі называць сваёй імя і даваць тлумачэнні. Пры гэтым частка людзей працягвала ляжаць тварам у зямлю, а частка стаяла на каленях, трымаючы рукі за галавой. Так было амаль шэсць гадзінаў, у той час як ішоў дождж. Сярод анархістаў былі дзяўчаты, якіх не пускалі ў прыбіральню і тлумачылі гэта тым, што не маюць супрацоўнікаў-жанчын, каб іх праводзіць.

Толькі ўвечары пасля 22.00 сілавікі з’ехалі. На дваіх удзельнікаў сустрэчы склалі адміністратыўныя пратаколы за незаконнае выдаленне расліннасці і аб экстрэмісцкіх матэрыялах. Пры гэтым канфіскавалі літаратуру, якую анархісты пры сабе мелі.

 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі