Вы тут

“Шчасце ёсць”: гераіня Еўрарадыё змагла адкрыць бізнес сваёй мары

Вольга Кліманская / Еўрарадыё 

Улетку Вольга Кліманская з Верхнядзвінска (горад на самай поўначы Беларусі) расказала Еўрарадыё, што не можа адкрыць бізнес. Чатары гады таму Вольга — шматдзетная маці-адзіночка — засталася без працы. Тады яна вырашыла пячы булачкі і піражкі і прадаваць іх на вуліцах горада.

Наперадзе яе чакалі кіламетры калідораў паміж кабінетамі чыноўнікаў. Але Кліманская з дапамогай мясцовай грамадзянскай актывісткі Валянціны Болбат здолела перамагчы бюракратыю. Сёння яна гандлюе гарачай выпечкай з уласнага прычэпа ў цэнтры Верхнядзвінска.

Свой прычэп-пякарню яна назвала “Шчасце ёсць”

Вольга Кліманская на працоўным месцы / Еўрарадыё

“Гандлюю піражкамі, чабурэкамі, смятаннікамі, піцамі, булачкамі, — расказала Еўрарадыё Вольга Кліманская. — Пакупнікі хваляць, кажуць, ядзім і есці хочацца. Цэны невялікія: усе піражкі да рубля, чабурэкі з мясам 1 рубель 20 капеек. Думаю, цэны нармальныя, улічваючы пакупную здольнасць людзей у горадзе. Першапачаткова сказала, што цэны завышаць не буду, бо ведаю, якія заробкі ў людзей, як яны выжываюць. Нажывацца на іх я не буду”.

Да 2014 года Вольга Кліманская працавала на Верхнядзвінскім масласырзаводзе. Жанчына прыгадвае, як падчас працы ёй стала кепска і яна страціла прытомнасць. Яе вынеслі з завода на насілках.

“Раніцай да мяне прыехалі з аддзела кадраў прадпрыемства, — расказвае Еўрарадыё Вольга Кліманская. — Прапанавалі падпісаць паперу, што разыходзімся “па згодзе бакоў”. Разумееце, у нас маленькі горад. Я спужалася і ўсё падпісала”.  

Купава з якой гандлюе Вольга / Еўрарадыё

У жанчыны ёсць пяцёра дзетак і ордэн Маці. А працы не стала. Вольга працавала прадавачкай у аўтакраме, выхавальніцай у дзіцячым садку. Але адтуль давялося сысці: не было прафесійнай адукацыі. А каб яе атрымаць, у жанчыны не хапала ні сродкаў, ні часу. 

Пячы булачкі, пончыкі і піражкі Вользе заўсёды падабалася. Каб звесці канцы з канцамі, жанчына гатавала ўсё гэта і развозіла на ровары. Спачатку па знаёмых. Пасля з’явіліся і новыя кліенты.

Піражкі і табакеркі

Каб працаваць афіцыйна, Вольга Кліманская звярнулася ў Верхнядзвінскі райвыканкам.

“Чыноўнікі, якія займаліся пытаннем Вольгі, маглі б адразу растлумачыць, што можна, а што не. І справы б пайшлі па-іншаму, — расказвае Валянціна Болбат. — У Вольгі не было працы, але дзяцей трэба было карміць. Яна нелегальна прадавала піражкі. Праз гэта пачаліся праблемы з падатковай інспекцыяй”.

Разам з Валянцінай Вольга звярнулася ў Міністэрства працы і сацыяльнай абароны. Па словах актывісткі, з Мінска ў Верхнядзвінск “прыйшоў загад зрабіць так”, каб Кліманская змагла легальна прадаваць піражкі.

Што праўда, не абышлося без непрыемнага нюансу:

“У раённым спажывецкім таварыстве далі такое месца… “Табакеркамі” заставілі ўвесь горад, а мяне з піражкамі схавалі за прыпынак. Гэта добра, што мяне людзі ведаюць. Ну і яшчэ я музыку гучна ўключаю, каб чуваць было”, — гаворыць маладая бізнесвумен. 

Але Вольга Кліманская ўсё роўна вельмі ўдзячная і задаволеная. Нягледзячы на ўсе цяжкасці, яе мара — працаваць на сябе — здзейснілася.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.