Саюз стралкоў Літвы адмаўляе, што стварыў пры сабе падраздзяленне з беларусаў

Беларус, які жыве ў Літве, захацеў стаць сябрам мясцовага Саюза стралкоў. Гэта ваенізаванная арганізацыя, якая навучае цывільных людзей валоданню зброяй. Але ў Саюзе яму адмовілі — сказалі, замежнікаў не прымаем.

Днямі інфармацыя пра стварэнне беларускага вайсковага падраздзялення ў межах Саюза стралкоў Літвы была агучана на тэлеканале Белсат. Маўляў, літоўцы вырашылі, што беларусы стануць першымі іншаземцамі, якіх возьмуць у Саюз.

Але ж у арганізацыі нам сказалі, што беларусаў дэзынфармавалі. А Саюз ніколі не прымаў і не плануе прымаць замежнікаў у свае шэрагі.

Союз стрелков Литвы / фото Союза стрелков Литвы

Навошта беларусу ў літоўскую ваенізаваную ўстанову?

Фактычна Саюз стралкоў Літвы — гэта аснова структур, падобных да тэрытарыяльнай абароны ў ваенны час. Наш суразмоўнік кажа, што ён гатовы абараняць Літву ў выпадку агрэсіі з боку Расіі, таму хоча прайсці падрыхтоўку. Яшчэ адна прычына — ён хацеў бы спрычыніцца да беларускага вызваленчага руху.

— Саюз літоўскіх стралкоў — гэта як Нацгвардыя ў ЗША. Добраахвотнікі, якія становяцца "пад ружжо" ў выпадку чаго. Ці вельмі з нацяжкай савецкі ДАСААФ.

Я маю досвед са зброяй, я служыў у беларускім войску. Аўтамат Калашнікава, пісталет Макарава, ТТ — страляў.

У саюзе літоўскіх стралкоў акрамя зброі ёсць яшчэ тактычныя заняткі, стратэгічныя, першая дапамога і г. д. Я меў веды з войска, але іх трэба абнаўляць. І калі вялася гаворка пра беларускае падраздзяленне, то і заняткі ў складзе падраздзялення.
 

“Гэта супярэчыць нашым законам”

Па звестках журналістаў Белсат, пра тое, што беларусаў будуць прымаць у Саюз стралкоў, сябры арганізацыі аб’явілі на чарговым пасяджанні. У эфіры тэлеканала намеснік старшыні партыі “Народная Грамада” Яўген Вільскі дадаваў, што “ў раней закрытую сур’ёзную арганізацыю прымаецца беларускае падраздзяленне”.

Там таксама паказалі прэзідэнта клуба імя Путвінскіса пры Саюзе Стралкоў Стасіса Ігнатавічуса, які казаў, што ў літоўцаў і беларусаў “цяпер агульны вораг”, які “ўмяшаў у гэтую барацьбу і вашу дзяржаву, і вашага прэзідэнта, і нам трэба змагацца супраць гэтага”.
 

Еўрарадыё звязалася з Саюзам стралкоў Літвы.

— Сябрамі Саюза стралкоў могуць быць толькі грамадзяне Літвы. У беларускіх медыя была апублікавана памылковая інфармацыя. Яны спасылаліся на Стасіса Ігнатавічуса, які не з’яўляецца прэзідэнтам Саюза стралкоў Літвы. Ён проста сябра клуба.

— То-бок гэта было проста ягонае меркаванне, а не пазіцыя Саюза стралкоў?

— Так. Гэта супярэчыць нашым законам.

Беларусу, які намагаўся стаць сябрам Саюза, прыйшоў ліст з адмовай. Там таксама сказана, што ў беларускіх медыя прайшла памылковая інфармацыя пра тое, што ваенізаваннае беларускае падраздзяленне будзе створанае на базе Саюза. Але хто і дзеля чаго распаўсюдзіў такую інфармацыю? На гэтае пытанне адказу пакуль няма.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.