Самусь: Пуцін хоча адправіць мабілізаваных у Беларусь, каб расцягнуць фронт

Расійска-беларускія вучэнні ў пачатку лютага 2022 года / Міністэрства абароны
Расійска-беларускія вучэнні ў пачатку лютага 2022 года / Міністэрства абароны

Пуцін хоча размясціць частку мабілізаваных у Беларусі і адсюль атакаваць Украіну разам з беларускім войскам. Асноўная яго мэта — стварыць канфлікт, пры якім беларусы і ўкраінцы будуць забіваць адно аднаго, упэўнены ваенны эксперт Міхаіл Самусь.

Як гэта можа рэалізавацца, эксперт расказаў у эфіры Еўрарадыё. Мы сабралі самае важнае са стрыму.

— Нездарма Лукашэнка зноў гасцяваў у Пуціна. Яны, відавочна, абмяркоўвалі пытанне, як дзейнічаць далей, — кажа Самусь. — Не ведаю, ці набяруць яны 300 тысяч чалавек. Але набяруць, напрыклад, 100 тысяч гэтых "мобікаў" [мабілізаваных. — Еўрарадыё]. Тысяч 30-50 адправяць у Беларусь, каб стварыць новую пагрозу нападу з боку Беларусі на тэрыторыю Украіны.

Прычым, думаю, [размесцяць іх. — Еўрарадыё] ў найбольш заходніх раёнах, не насупраць Кіева. Насупраць Кіева абарона досыць моцная — Сумская, Чарнігаўская вобласць і гэтак далей. А на Валынь могуць паспрабаваць расцягнуць фронт і прымусіць украінскія сілы адарвацца ад Херсона або Луганска, дзе цяпер, відавочна, надыходзяць новыя правалы для расійскага войска праз актыўныя дзеянні Узброеных сіл Украіны.

Беларускае войска, хутчэй за ўсё, будзе адыгрываць ролю ядра групоўкі, якая стане пагражаць Украіне з Беларусі. Мабілізаваныя ж павінны будуць забяспечыць другі эшалон і стварыць масавасць, каб дапамагчы беларусам пайсці ў наступ, калі такое рашэнне будзе прынята, лічыць эксперт.

— Лукашэнка можа патаргавацца, угаварыць Пуціна на варыянт, пры якім зойдзе ва Украіну нейкі кантынгент рэгулярнага [расійскага. — Еўрарадыё] войска. Я маю на ўвазе кантрактнікаў або тыя войскі, якія ўжо прымалі ўдзел у баявых дзеяннях. Іх можна ўзяць з рэзерваў, якіх на самай справе вельмі мала. Або зняць з нейкага іншага кірунку фронту. У іх цяпер канцэнтрацыя на Запарожжы. Магчыма, узяць пяць-дзесяць батальённых тактычных груп і перацягнуць іх у Беларусь, а потым узмацніць "мобікамі". І, у прынцыпе, Лукашэнка можа дамовіцца, каб беларускія сілы забяспечвалі другі эшалон, рэзервы і гэтак далей. Або забяспечвалі ахову і прыкрыццё іншых участкаў фронту.

Хоць я ўпэўнены, што Пуцін усё ж хацеў бы зарадзіць канфлікт паміж двума народамі, каб беларусы пачалі забіваць украінцаў, а ўкраінцы беларусаў. І гэта адзін з галоўных кірункаў дзейнасці Пуціна адносна Беларусі, — робіць выснову Самусь.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі