Салігорскі суд аштрафаваў махлярак, якія стаяць з партрэтамі хворых дзяцей

У Салігорску затрымалі дзвюх жанчын, якія стаялі з фэйкавымі фотаздымкамі хворых дзяцей і выманьвалі ў людзей грошы.

Актывісты суполкі “Салігорскія аўтааматары” вылічылі падманшчыц каля аднаго з супермаркетаў і звязаліся з міліцыяй. Праваахоўнікі не сталі адхрышчвацца ад непрыемнай аперацыі і склалі на падманшчыц пратаколы. 

Адна з затрыманых — Ганна Мінчык. Другая — Марыя Раманькова.

“Абедзве жанчыны асуджаны па артыкуле 17.1 адміністрацыйнага кодэксу за “Дробнае хуліганства, звязанае з прыставаннем да грамадзян”. Атрымалі штрафы па 3 базавыя велічыні кожная (па 540 тысяч рулёў). У дадатак да гэтага Раманькова атрымала штраф па артыкуле 10.7 за “Прычыненне маёмаснай шкоды грамадзяніну ў выніку махлярскіх дзеянняў — яшчэ дзве базавыя велічыні (360 тысяч рублёў)”, — паведамляюць Еўрарадыё ў судзе Салігорскага раёна.

Марыя Раманькова — даволі вядомая махлярка. У Мінску яна збірае грошы з партрэтам неіснуючага Сяргея Якімёнка. Некалькі месяцаў таму Еўрарадыё пагутарыла з гэтай падманшчыцай. Арсенал яе метадаў выманьвання грошай быў зафіксаваны на відэа. 

Штрафы, якія атрымалі Раманькова і Мінчык, мінімальныя. Адбіць іх можна, “папрацаваўшы” на вуліцы ўсяго пару гадзін.

За дзень яна (Марыя Раманькова, — Еўрарадыё) можа зарабляць каля 4 мільёнаў. Пра гэта махлярка сама казала начальніку аховы супермаркета, які дапамагаў у затрыманні. Нехта кідае ёй 20 тысяч, нехта 50. Нібыта, сумы і маленькія, але за дзень набягае нармальна”, — распавядае Эдуард Мацукевіч, удзельнік “Салігорскіх аўтааматараў”.

Грамадскія актывісты падчас затрымання чулі ад міліцыянераў інфармацыю, што Раманькова пазбаўлена бацькоўскіх правоў і мае запазычанасць па аліментах. Кіроўца, які вазіў затрыманых аферыстак, апынуўся цыганам з Гомельскай вобласці.

Сёлета Еўрарадыё публікавала гісторыі мінскіх сямей, якія церпяць ад такіх падманшчыкаў. Аферысты ўзбройваліся партрэтамі сапраўды існуючых хворых дзяцей. Фота  капіяваліся з інтэрнэту.

Адну з махлярак бацькі маленькай Сашы Іванцовай злавілі за руку прама ў пераходзе метрапалітэна. Але тую да адказнасці не прыцягнулі.

Найчасцей махляры прамышляюць беспакарана. А заканадаўчыя органы Беларусі практычна не звяртаюць увагі на праблему.