Салігорскі "Шахцёр" правядзе хатні матч з "Лудагорцам" у Сербіі

Салігорскі "Шахцёр" правядзе хатні матч першага кваліфікацыйнага раўнда футбольнай Лігі чэмпіёнаў з балгарскім "Лудагорцам" у Сербіі. Рашэнне правесці паядынак на нейтральным полі прэс-служба гарнякоў тлумачыць адсутнасцю магчымасці ў сапернікаў прыляцець у Беларусь (палёты былі спынены пасля здарэння ў нашай краіне з пасажырскім самалётам Ryanair, які ляцеў з Грэцыі ў Літву).

Першы матч каманды згуляюць у Разградзе 7 ліпеня. Матч у адказ пройдзе ў Бялградзе 13 ліпеня на стадыёне "Чукарычкі". Сустрэча пачнецца ў 22:30 паводле беларускага часу.

Дырэктар салігорскага клуба Аляксандр Марчанка кажа, што разглядаліся некалькі варыянтаў месца правядзення хатняга матчу. "Найбольш прыдатным — і фінансава, і лагістычна — мы палічылі стадыён футбольнага клуба "Чукарычкі" ў Бялградзе", заявіў ён у каментары клубнай прэс-службе. Матч на нейтральным полі пройдзе без гледачоў.

Таксама ў пятніцу стала вядома, што брэсцкае "Дынама" правядзе свой хатні матч 2-га раўнда кваліфікацыі Лігі канферэнцый з чэшскай "Вікторыяй" у Батумі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.