Сацук: Усе дзеянні СК па “справе БелТА” зводзяцца да ціску на журналістаў

Гледзячы на дзеянні Следчага камітэта, у якога не было ніякіх падстаў для затрымання журналістаў па “справе БелТА”, чакаць хуткага вызвалення ўсіх затрыманых не даводзіцца. Такое меркаванне ў эфіры Еўрарадыё выказвае галоўны рэдактар партала “Ежедневник” Сяргей Сацук.

“Паколькі ім інкрымінуюць дзеянні, якія не лічацца цяжкімі і не ўяўляюць вялікай грамадскай небяспекі, то іх увогуле не павінны былі затрымліваць і змяшчаць на трое сутак у ізалятар часовага ўтрымання. Але, улічваючы тое, што іх усё адно затрымалі, то можна меркаваць, што пасля трох сутак ім будзе абраная мера утрымання ў выглядзе арышту. Выставяць нейкае абвінавачванне і аб’явяць пра змену меры утрымання. Можа, не ўсім, але некалькім ― дакладна. І найперш такая мера будзе прымененая ў дачыненні да тых, хто не ідзе на супрацоўніцтва ― маўчыць, не дае паказанняў. Такім чынам будуць аказваць ціск на людзей”, ― кажа Сяргей Сацук.

Для такіх дзеянняў у следчых ёсць не толькі юрыдычныя магчымасці ― улічваюцца асабістыя якасці затрыманых. Да прыкладу, ці можа ён, знаходзячыся на свабодзе, паўплываць на следства. А журналісты такой магчымасцю, кажа Сацук, валодаюць.

Што да судовай перспектывы “справы БелТА”, то, на думку рэдактара “Ежедневника”, нават калі справа да суда і дойдзе, то скончыцца ўсё “пшыкам”. Хаця б таму, што тэрмін даўнасці па гэтым артыкуле ― два гады.

“З улікам таго, колькі ўсяго забралі з TUT.by, следства будзе цягнуцца не менш за год. За гэты час па эпізодах 2017 года тэрмін даўнасці ўжо пройдзе. А ўлічыце яшчэ суд, які зацягнецца як мінімум на паўгода. У выніку да моманту прысуду і па 2018 годзе скончыцца тэрмін даўнасці. Нават калі да заканчэння тэрміну даўнасці не хопіць якіх двух месяцаў, то з улікам таго, што суд рэдка дае максімальныя прысуды (па 349 артыкуле КК максімальнае пакаранне да двух гадоў, ― Еўрарадыё), то справа выльецца ў сапраўдны “пшык”. І ўзнікае пытанне: для чаго трэба было распачынаць такі шум і траціць на ўсё столькі сродкаў?”

Дарэчы, пра сродкі. Па словах Сяргея Сацука, ніякай матэрыяльнай шкоды БелТА  ў выніку “несанкцыянаваных заходаў на платную падпіску“ нанесена не было, а вось дзяржава на следства па “справе БелТА” патраціць вялікія грошы.

“Уявіце колькі ўжо затрачана грошай на аператыўную распрацоўку цягам некалькіх месяцаў, “праслушка”, якая ўвогуле каштуе вельмі шмат, следчыя дзеянні, што будуць цягнуцца не менш за год, падчас якіх трэба будзе плаціць заробак следчай групе і гэтак далей”, ― кажа Сяргей Сацук.

У сітуацыі, калі ўсе дзяржаўныя структуры вельмі пільна лічаць кожную капейку, такое “следства на шырокую нагу” можа азначаць толькі адно ― санкцыю на распрацоўку гэтай справы далі на самым версе, кажа Сацук.

На думку суразмоўцы Еўрарадыё, “справа БелТА” стала падставай для таго, каб “капнуць пад асобныя СМІ вельмі глыбока”. Праўда, з якімі мэтамі, пакуль дакладна сказаць цяжка.

Цалкам размову з Сяргеем Сацуком можна паслухаць тут:

Слухаць ці спампаваць падкаст эфіру ніжэй.