Вы тут

Сацапытанне: людзі не спяшаюцца перагортваць старонку і больш давяраюць войску

Пратэсты ў Мінску ў 2020 годзе / Еўрарадыё

Аналітычны цэнтр Chatham House з дапамогай інтэрнэт-апытання даведаўся меркаванні 794 рэспандэнтаў пра тое, што яны думаюць з нагоды палітычнага крызісу ў Беларусі. Апытанне праводзілася з 23 ліпеня да 3 жніўня 2021 года.
 

Бабарыка застаецца самым пажаданым прэзідэнтам

Паводле звестак апытання, самым пазнавальным палітыкам у Беларусі застаецца Аляксандр Лукашэнка (95%). Другой па пазнавальнасці стала Святлана Ціханоўская (90%), за ёй Віктар Бабарыка (86%).

Дзейных або былых чыноўнікаў пазнаюць нашмат радзей нават прыхільнікі ўлады. Таму іх рэйтынгі і ўзровень даверу да іх невялікі. Аднак знайшлося і выключэнне — Сяргей Румас. Даследчыкі адзначаюць, што гэта звязана з тым, што Румас жыве не ў Беларусі і многія не лічаць яго часткай рэжыму.

Індэкс даверу да чыноўнікаў і прадстаўнікоў пратэсту / Chatham House

Самы папулярны кандыдат у прэзідэнты — Віктар Бабарыка. Траціна рэспандэнтаў адзначылі яго як годнага кандыдата ў прэзідэнты, яшчэ 22% як найбольш годнага. Крыху больш за 20% заявілі, што ніколі не прагаласавалі б за яго.

Каго рэспандэнты хацелі б бачыць прэзідэнтам / Chatham House

— У ліпені Лукашэнку лічылі найбольш годным 27% [і яшчэ 28% проста годным. — Еўрарадыё]. У той жа час каля паловы гарадскіх беларусаў кажуць, што ніколі не прагаласавалі б за яго, — гаворыцца ў справаздачы Chatham House.

Усё больш людзей, як сярод лаяльных рэжыму, так і пратэстава настроеных, не ведаюць, ці давяраць палітыкам, чые погляды яны падзяляюць, адзначаюць даследчыкі.

Дзяржструктурам і інстытутам давяраюць зусім нямногія. Самы высокі ўзровень даверу да войска (33%). Судам давяраюць толькі 23%. Вышэйшы давер да незалежных СМІ (37%), прафсаюзаў (34%) і праваабарончых арганізацый (37%).

Цэнтрвыбаркаму давяраюць 16% рэспандэнтаў / Chatham House

У міжнародных адносінах хочуць нейтральнасці

Беларусы, якія жывуць у горадзе, лепш за ўсё ставяцца да Расіі. Сваё стаўленне да суседкі як "вельмі добрае" ці "ў асноўным добрае" ацанілі 78% апытаных. Таксама дзве траціны рэспандэнтаў добра ставяцца да Кітая.

— Стаўленне да краін ЕС у цэлым дастаткова пазітыўнае. Толькі нязначная частка насельніцтва ставіцца да іх дрэнна.

Даследчыкі адзначаюць, што ўсё больш беларусаў хочуць нейтралітэту, а не геапалітычных хаўрусаў. Аптымальным супрацоўніцтвам з Расіяй 37% апытаных называюць адзіны рынак, а 33% — зону свабоднага гандлю.

Да АДКБ стаўленне пагоршылася. Калі ў лістападзе мінулага года 63% лічылі, што Беларусь павінна застацца ў АДКБ, то цяпер гэта толькі 50%.

— Беларусы маюць негатыўнае стаўленне да магчымасці размяшчэння расійскай авіябазы на тэрыторыі Беларусі: амаль 40% выказаліся супраць. Кожны трэці выказвае абыякавасць да гэтай сітуацыі, — гаворыцца ў справаздачы.

Расце колькасць тых, хто хоча ў ЕС і нейтралітэту / Chatham House

Людзі разышліся па рэха-камерах

Дзве траціны апытаных не лічаць, што фінансавае становішча іх сем'яў паляпшаецца. Але знізілася доля тых, хто ўпэўнены, што Беларусь чакае цяжкі крызіс.

— Цяпер амаль 40% не маюць меркавання па гэтым пытанні.

Доля тых, хто хацеў бы пакінуць Беларусь, вырасла на 10 адсоткавых пунктаў у параўнанні з дакавідным перыядам. Яна складае амаль 40% гараджан. Аднак толькі каля 4% робяць канкрэтныя дзеянні, каб пераехаць.

Стаўленне да пратэстаў стабільнае з пачатку года. Каля 40% падтрымліваюць іх, яшчэ 40% супраць.

— Большасць гарадскіх беларусаў падтрымлівае ўсе патрабаванні пратэсту, акрамя адстаўкі Лукашэнкі. За гэта выступае 46%. Найбольш актуальным патрабаваннем застаецца расследаванне дзеянняў сілавікоў у час пратэсту.

Санкцыі супраць рэжыму часцей ухваляюцца, калі датычацца Аляксандра Лукашэнкі або яго атачэння, але не прадпрыемстваў.

Стаўленне да санкцый супраць рэжыму / Chatham House

Даследчыкі адзначаюць, што людзі, якія падтрымліваюць уладу, жывуць у сваёй інфармацыйнай бурбалцы, як і тыя, хто мае альтэрнатыўнае меркаванне. Кожная з груп упэўненая ў сваёй праваце і што іх большасць.

— Фактычна гэта перакананне памылковае для праўладнага наратыву або перабольшанае для альтэрнатыўнага наратыву. Людзі, якія жывуць у розных рэха-камерах, рэдка кантактуюць з інфармацыяй, якая існуе ў іншай рэха-камеры, — крыніцы інфармацыі для гэтых людзей розныя.

 

Укачаць у асфальт не атрымаецца: так грамадства не працуе

Сацыёлаг Генадзь Коршунаў меркуе, што больш за палiтыку ці эканоміку беларусаў, асабліва прыхільнікаў перамен, цікавяць пытанні асабістай бяспекі.

— Гэта пытанні, звязаныя з тым, што агулам можна назваць траўмай, якую атрымала беларускае грамадства ў 2020 годзе. І цяпер не робіцца нічога, каб гэтую траўму прапрацаваць. Наадварот, улада робіць вельмі шмат захадаў на паглыбленне гэтага агульнаграмадскага стрэсу. Такая сітуацыя мае вялікі ўплыў і на палітыку, і на эканамічныя чаканні, і на міграцыйныя настроі.

Пры гэтым суразмоўца падкрэслівае, што на працягу апошніх гадоў беларускае грамадства выйшла на новы ўзровень.

Грамадства стала больш салідарным / Еўрарадыё

— Я гэта называю суб’ектывацыяй. Гэта ўзрастанне якасцяў суб’екта. Людзі навучыліся браць адказнасць за сваё жыццё на сябе. Дзяржавы станавілася ў жыцці ўсё меней і меней. І людзі навучыліся вырашаць самі эканамічныя, пабытовыя пытанні, пытанні з адукацыяй і гэтак далей. І такіх людзей назапасілася шмат.

Атрымаўся клас, які паверыў, што сам можа вырашаць, як павінна развівацца іх жыццё і грамадства ўвогуле. 

— У перыяд электаральнай кампаніі адчуванне асабістай суб’ектнасці пляснула ў палітычную сферу. А тое, што ўлада зрабіла ў жніўні 2020 года і робіць цяпер, — знішчэнне адчування годнасці і суб’ектнасці. З аднаго боку, гэта трагедыя, а з другога, мы назіраем гартаванне суб’ектнасці. Гэта цяжкае выпрабаванне, але па звестках розных даследаванняў я бачу, што людзі не гатовыя перегарнуць старонку.

Праз рэпрэсіі частка людзей у Беларусі будзе хавацца, частка з іх будзе расчароўвацца, сыходзіць ва ўнутраную эміграцыю, будзе працягвацца вонкавая эміграцыя, лічыць эксперт.

— Але нельга казаць, што пратэсты ўкачаныя ў асфальт так, што ніколі не прачнуцца. Так грамадства не працуе. Зразумела, што пад ціскам рэпрэсій актыўна нешта рабіць вельмі цяжка. Тыя, хто за мяжой, уплываюць на беларускія падзеі часцяком больш моцна, чым тыя, хто прымушаны пад пагрозай рэпрэсій сваю актыўнасць хаваць.

Акцыя беларусаў у Варшаве / Еўрарадыё

Генадзь Коршунаў адзначае, што эфект яднання прыхільнікаў перамен працягваецца, нягледзячы на тое, што частка людзей была вымушана з’ехаць.

— Эфект яднання беларусаў і ўнутры Беларусі, і звонку дасць свой магутны вынік. Гэта адчуванне еднасці, годнасці асабістай і годнасці супольнасці — адзін з найвялікшых здабыткаў мінулага года.
 

У грамадстве канфлікт каштоўнасцяў

Пры гэтым ёсць і адносна невялікая колькасць прыхiльнiкаў улады — 25-30%, расказвае Генадзь Коршунаў.

— Гэта даволі аморфная супольнасць людзей, якія звязаныя паміж сабой толькі фігурай Аляксандра Лукашэнкі і невялiкiмі супадзеннямі ў каштоўнаснай сістэме. Частцы людзей дастаткова, каб вырашалі за іх. Гэта тыя людзі, якія не хочуць нешта рабіць самі, якія хочуць атрымоўваць ад дзяржавы. Змагацца за нешта яны не будуць. Адно, на што яны здольныя, — гэта выконваць загад. 

Ад тых, хто падтрымлівае пратэст, прыхільнікаў улады адрозніваюць каштоўнасці, падкрэслівае эксперт.

— Гэта асноўная дэмаркацыйная лініяй паміж пратэстам і ўладай. Развіццё супраць заасфальтаванага парадачку.

На заканчэнне суразмоўца падкрэслівае, што расколу ў грамадстве няма. Ёсць толькі раскол паміж уладай і грамадствам.

— Прыхільнікі ўлады вельмі размеркаваныя. Яны нічым не злучаныя і не гатовыя да хоць якіх актыўных дзеянняў. Нават тое, што мы пабачылі ў злівах “Кібер-Партызанаў” наконт даносаў — гэта насамрэч мізер.

І калі мы кажам, што прыхільнікаў пратэсту пад 40 адсоткаў, то гэта не значыць, што прыхільнікі ўладаў — гэта астатнія 60 адсоткаў. Таму ёсць раскол каштоўнасны, але ён не вызначальны, — кажа Генадзь Коршунаў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.