Са знятых кандыдатаў могуць спагнаць грошы нават за “сапсаваныя” бюлетэні

Як стала вядома Еўрарадыё, не ўсе кандыдаты ўцямна ўяўляюць, якія фінансавыя пакаранні іх чакаюць, калі тыя надумаюць зняць сваю кандыдатуру. Па словах загадчыцы арганізацыйна-прававога аддзела Цэнтравыбаркама Надзеі Кісялёвай, сёлета “несур’ёзным кандыдатам” упершыню пагражае спагнанне грошаў за... бюлетэні ды біяграфічныя плакаты. Надзея Кісялёва: “Акруговая выбарчая камісія прымае да ведама заяву грамадзяніна аб зняцці яго кандыдатуры з выбараў. Калі яна прызнае прычыну зняцця несур’ёзнай, тады прымае рашэнне – спаганяць з яго грошы за перадвыбарны плакат, ці не? І яшчэ з такога кандыдата могуць часткова спагнаць грошы, выдаткаваныя на выраб бюлетэняў. Гэта калі камісія вырашыць паўторна замаўляць бюлетэні. Бо гэта ж трэба прозвішча гэтага чалавека прыбраць з бюлетэня, калі яны надрукаваныя. А яны ўжо надрукаваныя”.

Апроч бюлетэняў да пачатку датэрміновага галасавання акруговыя выбарчыя камісіі павінны надрукаваць плакаты з фотаздымкамі і біяграфічнымі звесткамі кандыдатаў. Калі хтосьці здымецца з выбараў у гэты час і камісія вырашыць надрукаваць новы плакат – яго таксама давядзецца аплачваць былому кандыдату.

Па словах загадчыцы арганізацыйна-прававога аддзела ЦВК, былога кандыдата могуць вызваліць ад усіх выплат, калі той здымаецца па паважлівай прычыне.

Надзея Кісялёва: “Можа, па стане здароўя зняўся, можа, за межы краіны з’язджае – розныя прычыны ёсць. А калі грамадзянін несур’ёзна да гэтага паставіўся, спачатку вылучыўся, а потым зняўся, не матывуючы нават, акруговая камісія можа прызнаць такую прычыну несур’ёзнай”.

Колькі кандыдатаў не скарысталіся грашыма Цэнтравыбаркама, зараз сказаць немагчыма. Па словах Надзеі Кісялёвай, гэта будзе вядома толькі калі ўсе акруговыя камісіі пададуць звесткі аб выкарыстанні грашовых сродкаў.

Былым кандыдатам дакладна не давядзецца плаціць з уласнай кішэні за тэлеэфіры.

Надзея Кісялёва: “Тэле- і радыёэфіры ў нас прадстаўляюцца бясплатна. Друк перадвыбарных праграм – таксама бясплатна”.

У пятніцу стала вядома, што рашэнні спыніць свой удзел у выбарах прынялі пяць кандыдатаў ад АГП. Сярод іх — Аляксандр Дабравольскі, які балатаваўся па Свіслацкай акрузе № 94 Мінска. Еўрарадыё пацікавілася ў старшыні выбарчай камісіі гэтай акругі Людмілы Бортнік пра эканамічныя санкцыі, якія могуць пагражаць аднаму з лідэраў АГП.

Людміла Бортнік: “Ён павінен яшчэ падысці да нас і напісаць заяву. А потым мы будзем глядзець, на якія выдаткі ён браў грошы”.

Як высветлілася, Свіслацкая акруговая камісія надрукавала ўжо і бюлетэні, і плакаты з выявай ды біяграфіяй кандыдатаў. У тым ліку Дабравольскага. Друкаваць новыя бюлетэні камісія, па словах яе старшыні, не будзе. А вось што рабіць з плакатамі, яна пакуль не ведае.

Людміла Бортнік: “Будзем вызначацца – альбо прыкрываць, альбо неяк закрэсліваць… Вызначаць гэта будзе камісія, я ж адна не вырашаю”.

Такім чынам, для кагосьці з былых кандыдатаў, якіх спачатку “угаварылі” ўзяць удзел у выбарах сябры па партыі, а потым яны ж “адгаварылі”, усе можа скончыцца асабістым фінансавым крахам.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі