Рынкевічс: мы б не хацелі бачыць прымусовыя меры паміж Расіяй і Беларуссю

Рынкевічс: мы б не хацелі бачыць прымусовыя меры паміж Расіяй і Беларуссю

Адносіны паміж Беларуссю і Еўрасаюзам за апошнія тры гады заўважна палепшалі. Пра гэта міністр замежных спраў Латвіі Эдгарс Рынкевічс заявіў у інтэрв'ю парталу TUT.by. Латвійскі дыпламат якраз знаходзіцца з візітам у нашай краіне. 

"Мы знайшлі такі спосаб супрацоўніцтва, дзе мы абмяркоўваем усе пытанні на палітычным узроўні — прыемныя і не вельмі прыемныя. Напрыклад, і сёння, і падчас усіх сустрэч на ўзроўні "Усходняга партнёрства" абмяркоўваюцца і пытанні эканамічнага супрацоўніцтва, і тое, што хвалюе Еўрасаюз. Як вы ведаеце, адно з такіх прынцыповых пытанняў — адмена смяротнага пакарання ці мараторый на яго. Пра гэта мы сёння гаварылі са спадаром Макеем. Гэта і пытанні захавання правоў чалавека, і палітычных свабодаў", — распавёў латвійскі міністр.

На фоне ўкраінскіх падзеяў, па яго словах, усіх хвалююць беларуска-расійскія адносіны, асабліва пытанні паглыбленай інтэграцыі. На думку Рынкевічса, гэты працэс павінен быць у руках беларускага боку. "Мы б не хацелі бачыць нейкія прымусовыя меры эканамічнага парадку або іншыя. Мы бачылі, што здарылася ў іншых дзяржавах, калі пачынаецца прымус", — заявіў дыпламат. Ён удакладніў, што гаворка ідзе не толькі пра Украіну, але і пра падзеі ў Грузіі ў 2008 годзе. 

Пазітыўныя зрухі ў адносінах Беларусі і ЕС Рынкевічс бачыць у тым, што цяпер не вядуцца размовы пра палітвязняў. Памяняліся і адносіны да незалежных СМІ, выказаў ён меркаванне. "Мы бачым моманты, калі сітуацыя не пайшла паводле негатыўнага сцэнару. Ці магчыма паляпшэнне? Вядома, магчыма. Але мы і ў Латвіі зараз абмяркоўваем пытанне таго, што незалежныя СМІ праходзяць такую ​​трансфармацыю, што я пачынаю баяцца, што яны проста не могуць канкураваць. Прыходзяць сацыяльныя сеткі. І тут мы бачым пытанні, якія не толькі Беларусь, але і Латвія ды іншыя краіны павінны будуць вырашаць", — дадаў дыпламат.

Ён нагадаў, што ЕС пакінуў пад санкцыямі чатырох грамадзян Беларусі, абвінавачаных у знікненні палітычных апанентаў улады ў 1990-х гадах. Таксама захоўваецца збройнае эмбарга. Але, на думку Рынкевічса, базавае пагадненне паміж Беларуссю і Еўрасаюзам падпісаць неабходна.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі