Вы тут

“Рускі мір” не пройдзе? Лёс графіці з надпісам па-руску дагэтуль не вырашаны

Фота:budzma.by

Графіці з рускамоўным надпісам, зробленае ў Слоніме да Дня беларускага пісьменства, раскалола грамадства. Пакуль адны завальвалі райвыканкам зваротамі з просьбай памяняць надпіс на беларускамоўны, іншыя прасілі пакінуць усё так, як ёсць, ці дадаць надпіс на беларускай мове да ўжо існуючага рускамоўнага.

На мінулым тыдні чыноўнікі заявілі, што нічога мяняць не хочуць. Але ў сераду Еўрарадыё стала вядома, што канчатковае рашэнне пра лёс графіці яшчэ не прынятае.

— Наконт змяніць ці не змяніць [рускамоўны надпіс на графіці. — Еўрарадыё] я вам не магу цяпер растлумачыць, — распавядае Еўрарадыё кіраўніца аддзела па ідэалогіі, культуры і справах моладзі Слонімскага райвыканкама Наталля Юнчыц. — Але тое, што рашэнне не канчатковае, я гавару адназначна. Пытанне на кантролі і вырашаецца. Набярыцеся крышачку цярпення.

— Мясцовыя жыхары абураюцца, што ўлады паслухаліся тых, хто за рускамоўны надпіс…

— Гэта не значыць, што паслухаліся тых, хто за рускі надпіс, хто не за рускі. Вы робіце няправільнае тлумачэнне. Таму давайце набяромся цярпення. І думаю, што ўсё вырашыцца правільна.

petitions.by

У верасні ў Слоніме адбудзецца Дзень беларускага пісьменства. Да свята было створана графіці з выявай тэатра, які ў XVIII стагоддзі заснаваў у горадзе Міхал Казімір Агінскі, сваяк аўтара паланэза “Развітанне з Радзімай”. На графіці намаляваны будынак тэатра, а побач з малюнкам — надпіс на рускай мове.

Пісьменства беларускае, а графіці — рускамоўнае? Жыхары Слоніма былі абураныя і пачалі прасіць чыноўнікаў выправіць несупадзенне. 5 жніўня з’явілася петыцыя, дзе людзі патрабуюць выправіць рускамоўны надпіс. Жыхары кажуць, што Слонім і так моцна русіфікаваны: знак на ўезде ў горад рускамоўны, надпісаў па-беларуску няма і на табло ў грамадскім транспарце...

Петыцыя хутка сабрала амаль 800 подпісаў. Паралельна неабыякавыя грамадзяне адпраўлялі звароты наўпрост у райвыканкам. Але там Еўрарадыё распавялі, што ўвесь гэты час на іх адрас паступалі і звароты супрацьлеглага зместу.

“Гэтае графіці з’явілася ў рамках добраўпарадкавання горада яшчэ ў красавіку, — кажуць чыноўнікі. — На рускай мове там напісана: “Слоним. Театр Михаила Казимира Огинского”. Эскіз быў падпісаны менавіта на рускай мове.

На пасадзе намесніка кіраўніка раёна раней працаваў іншы чалавек. Наконт гэтага надпісу… Колькі людзей, столькі і тлумачэнняў. На сёння ў райвыканкам паступіла некалькі дзясяткаў зваротаў. Адны хочаць па-беларуску, іншыя па-руску. Людзі даводзяць, што на ўзроўні дзяржавы ў нас дзве мовы: руская і беларуская”.

Свае звароты за захаванне на мурале рускай мовы “рускамірцы” спалучылі з кампаніяй у СМІ. Напрыклад, старшыня руху “Гражданское согласие” Арцём Агафонаў апублікаваў на прарасійскім сайце “Политнавигатор” артыкул “Белоруссия: Власти идут на новые уступки нацикам”. Там ён дэманстратыўна не разумее, чым рускае пісьменства адрозніваецца ад беларускага, а таксама сумняецца, каб Агінскі калі-небудзь пісаў ці размаўляў па-беларуску. Маўляў, у часы расійскай імператрыцы Кацярыны ІІ “ні мовы з такой назвай [беларускай. — Еўрарадыё], ні тым больш яе пісьменства са сваімі алфавітам і арфаграфіяй папросту не існавала”.

Што ж, калі вельмі хочацца, можна ўпэўніць сябе і ў тым, што беларуская мова і яе пісьменства існавалі да канца XVII стагоддзя, пасля чамусьці зніклі, а пасля раптам з’явіліся зноў. Але слонімскія чыноўнікі спачатку паверылі “рускамірцам” і вырашылі пакінуць графіці ў першапачатковым выглядзе. Але цяпер, здаецца, перадумалі.

У ідэалагічным аддзеле Гродзенскага аблвыканкама Еўрарадыё распавялі, што ведаюць пра сітуацыю з рускамоўным графіці, але канчатковае рашэнне па яго выпраўленні — за Слонімскім райвыканкамам. А там дадалі, што да Дня пісьменства ў Слоніме ўжо рыхтуюць іншае графіці — выяву Францыска Скарыны на будынку па вуліцы Чырвонаармейскай, 23.