Рост цэн і яшчэ нагода пасварыцца з Расіяй: рытэйлу змяняюць правілы гульні

Улады прыдумалі новы спосаб прасоўваць беларускія тавары / the-warsaw.com
Улады прыдумалі новы спосаб прасоўваць беларускія тавары / the-warsaw.com

Новы ўказ МАРГа прывядзе да росту цэн, шэрага гандлю і зніжэння выручкі гандлёвых сетак. А яшчэ ў Расіі з'явіцца нагода пасварыцца праз нядобрасумленную канкурэнцыю на беларускім рынку.

МАРГ вынес на грамадскае абмеркаванне праект указа "Аб мерах па ўдасканаленні дзяржаўнага рэгулявання спажывецкага рынку". Асноўныя прапановы — моцна абмежаваць памер бонусаў, якія могуць атрымліваць гандлёвыя сеткі ад вытворцаў. Выключэнне толькі для Белкаапсаюза. Таксама праект прапануе абавязаць крамы павысіць долю харчовых беларускіх тавараў у абароце да 85%. За парушэнне нормаў указа пагражае штраф — ад 100 да 500 базавых велічынь.

Абмеркаванне праходзіць да 8 лістапада.

Указ павінен падтрымаць беларускіх вытворцаў і "стварыць умовы для гарантавання нацыянальнай харчовай бяспекі", гаворыцца ў праекце. Еўрарадыё паразмаўляла з экспертам і даведалася, чаму нічога не атрымаецца.

 

Больш беларускага купляць не стануць

Рост цен и ещё повод поругаться с Россией: ретейлу меняют правила игры
Беларускім таварам патрэбная канкурэнтаздольнасць, а не прэферэнцыі / Еўрарадыё

Забяспечваць долю продажаў беларускіх тавараў на ўзроўні 85% нерэальна. Пакупнік проста пойдзе па патрэбны тавар у іншую краму ці заквітнеюць нелегальныя каналы продажу замежных тавараў, лічыць менеджар па развіцці бізнесу Satio CIVITTA Group, экс-кіраўнік па рабоце з рознічнымі сеткамі ў Nielsen Валянцін Сакалоўскі.

— Вытворцы губляюць долю рынку з абсалютна натуральных прычын. Пакупнік хоча розных рэчаў. І калі беларускі вытворца не можа даць неабходнае, ніхто не аддасць свае грошы. А ўсякія спробы абмежаваць рост цэн, долю паліцы, прапагандаваць беларускія тавары ні да чога не прыводзяць, а толькі ўскладняюць жыццё рознічных сетак.

Акрамя таго, такой мерай па стымуляванні продажаў беларускіх тавараў могуць абурыцца партнёры па ЕАЭС, асабліва Расія.

— Гэта прывядзе толькі да таго, што Беларусь зноў атрымае поўху ад Расіі ў рамках ЕЭК. Бо ў асноўным на карысць расійскіх тавараў губляюць беларускія вытворцы.

Гэта відавочна не рынкавыя меры канкурэнцыі і парушэнне антыманапольнага заканадаўства. Гэта памылка, бо мы нічога не атрымліваем, акрамя яшчэ адной падставы для Расіі прад'явіць нам прэтэнзіі аб неджэнтльменскіх паводзінах.

 

Рост цэн і бартар з партнёрамі

Рост цен и ещё повод поругаться с Россией: ретейлу меняют правила игры
Калі грошай ад збыту не будзе, з'явяцца бартарныя схемы / Еўрарадыё

Цэны з увядзеннем указа вырастуць, бо беларускія вытворцы не будуць адчуваць ціску з боку імпарту.

— Калі ты разумееш, што цябе павінны ў адміністрацыйным парадку паставіць на паліцу і пляваць, прадасі ты там ці не, то няма сэнсу зніжаць цэны. У цябе ёсць гарантаваны збыт.

Эксперт падкрэслівае, што ў Беларусі пастаянна вядуцца спробы нярынкавымі метадамі прасоўваць айчынных вытворцаў. Быў нават "рэгіянальны пратэкцыянізм".

— Напрыклад, у крамы ў Гомельскай вобласці не пускалі прадукцыю з Брэста або Гродна. Гэта прывяло да таго, што практычна ўсе лакальныя мясакамбінаты сталіся глыбока стратныя. Іх ратавалі адміністрацыйным спосабам.

Потым палова з камбінатаў збанкрутавала, затое, напрыклад, Брэсцкі, Мінскі і яшчэ некаторыя мясакамбінаты, якія сапраўды ўмелі прадаваць, пачалі паспяхова працаваць у іншых абласцях Беларусі. Гэта прывяло да таго, што цэны ўпалі, а пакупнік стаў больш задаволены.

Рост цен и ещё повод поругаться с Россией: ретейлу меняют правила игры
Беларускія вытворцы таксама могуць працаваць добра / Еўрарадыё

Беларусы ўсё адно будуць шукаць патрэбныя тавары, напрыклад расійскі шакалад, у бабуль у пераходах, ларках або крамах каля дома, якія будуць гандляваць ім нелегальна, упэўнены Валянцін Сакалоўскі. Тады крамы будуць губляць праз тое, што беларускі тавар "завісне" на паліцах.

— Калі даводзіць схему да абсурду, гэта прывядзе яшчэ і да росквіту бартарных схем. Таму што ў сеткі няма грошай, але ёсць беларускі шакалад. Адпаведна, калі прыйдуць энергетыкі, ім скажуць: "Бярыце дзве фуры шакаладу і спісвайце нам даўгі або банкруцьце нас".

 

Бонусы ціснуць на вытворцаў або перашкаджаюць неэфектыўным?

Вытворцы плацяць бонусы сеткам за больш выгаднае размяшчэнне тавару ў зале. Для сетак гэта дадатковая крыніца заробку.

Калі ўказ будзе прыняты, то бонусы сеткі змогуць атрымліваць за лагістычныя паслугі і паслугі па прасоўванні. Памер узнагароды не павінен будзе перавышаць 5% ад цаны пастаўленых тавараў.

— На беларускім рынку рознічны бізнес стаў не такі ўжо прыбытковы. Таму сеткі вельмі актыўна выціскалі з пастаўшчыкоў такога роду бонусы. Калі ў вытворцы задача нарасціць не прыбытак, а абарот, то можна прадаваць тавары танней, чым канкурэнт, і кампенсаваць сетцы недаатрыманыя грошы.

Пры гэтым трэба разумець, што кампаніі, як, напрыклад, "Нэстле", маюць магчымасць плаціць большыя бонусы рознічным сеткам, чым беларускія вытворцы шакаладу, — расказвае Валянцін Сакалоўскі.

Рост цен и ещё повод поругаться с Россией: ретейлу меняют правила игры
Крамам патрэбныя тавары, якія хутчэй абарочваюцца / Еўрарадыё

Абмежаванне па бонусах не паўплывае на густы пакупнікоў, таму і вытворцам не моцна дапаможа, запэўнівае Валянцін Сакалоўскі.
 

Бізнес знойдзе выйсце, а Белкаапсаюз не выратаваць

Каб абысці меры ўказа, сеткі будуць прыдумляць новыя паслугі, без якіх не будуць прымаць тавары. Грошы ад пастаўшчыкоў будуць паступаць не за бонусы, а рэчы, не прапісаныя ва ўказе.

А наконт долі беларускіх тавараў крамы будуць пісаць адпіскі ў МАРГ пра тое, што імкнуцца выканаць паказчыкі, або плаціць штрафы, адзначае эксперт. Праўда, штрафы не занадта вялікія па мерках буйных гандлёвых сетак. Невялікім сеткам або асобным крамам давядзецца складаней.

— У кожным разе бізнес знойдзе спосаб абысці гэтыя меры. А Белкаапсаюз, для якога зрабілі выключэнне, гэта не ўратуе. Калі ён разумее, што даўгі спішуць, а калі не спішуць, то пралангуюць, павесяць на банкі або выпусцяць аблігацыі мясцовых органаў улады, якія гэтыя даўгі як бы пакрыюць, то навошта ім займацца эфектыўнасцю? Яны проста будуць працаваць як працавалі, — рэзюмуе эксперт.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі