Замест "Жабы" Neuro Dubel выдасць "Дох.я советчиков" (відэа)

І калі папярэднія альбомы — "Афтары правды" і "Stasi" — былі даволі цяжкімі па гучанні, то “Дох.я советчиков” стане самым лёгкім і вясёлым за апошнія 10 гадоў.

Першапачаткова Neuro Dubel планавалі назваць новую пласцінку "Жаба", але "набалелая" назва "Дох.я советчиков" узяла верх. Як распавёў Аляксандр Кулінковіч, нягледзячы на гучную назву, альбом будзе без мацюкоў: загалоўная песня — адзіная "мацерная" на пласцінцы. Ды і па вялікім рахунку, назва альбома ніяк не звязаная з яго зместам.

"Так як і "Афтары правды" ніяк не звязаныя з тым, што было ў альбоме, тут таксама проста накіпелая назва, не болей за тое, — тлумачыць Аляксандр Кулінковіч. — А песні будуць вясёлыя і задорныя, на мой погляд. Я вельмі даўно хацеў даць такую назву альбому, гадоў 15 ужо. Бо сапраўды занадта многа было дарадчыкаў! "Я б зрабіў так, а я б зрабіў гэтак". Дык вазьмі і зрабі! Існуе маса людзей, якія ні храна ў гэтым жыцці не робяць, а толькі даюць парады. І ў прынцыпе, гэтая фраза мне па жыцці вельмі блізкая. А ўвогуле, я чакаю вельмі вясёлы альбом!"

Як распавядае Кулінковіч, у гурта ёсць "дрэнная" звычка — новыя песні музыкі спачатку граюць на канцэртах цягам доўгага часу, а калі нарэшце выходзіць пласцінка, яны ўжо не падаюцца слухачам новымі. Гэтым разам гурт "назапасіў" абсалютна новых песень, і ўсяго некалькі з іх ("Белтелеком", "Раз, два, три", "Жаба") прадставіў на апошнім канцэрце.

Па традыцыі, Neuro Dubel уключыць у новы альбом і кавер. Гэтым разам — на песню Мусліма Магамаева  "Куба, любовь моя" – кампазіцыю-прысвячэнне першаму візіту Фідэля Кастра ў СССР у 1962-м годзе.

На дадзены момант гатовыя 14 песень з будучага альбома. Але, смяецца Аляксандр Кулінковіч, "традыцыйна" у апошнія пару дзён з’яўляюцца яшчэ 1-2, якія захочацца абавязкова дапісаць на пласцінку. Працу над "Дох.я советчиков" Neuro Dubel плануе скончыць напрыканцы лістапада, пасля чаго гурт спадзяецца зладзіць вялікую прэзентацыю.

Неўзабаве на Еўрарадыё з’явіцца вялікае інтэрв’ю з Аляксандрам Кулінковічам. Сачыце за нашымі навінамі!

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі