У спікера АГП спалілі машыну, а яго праверылі на дэтэктары ілжы

Удзел у парламенцкіх выбарах завяршыўся для кандыдата ад АГП Аляксея Ціханенкава стратай машыны. Як паведаміў Еўрарадыё сам актывіст, яго Джып Вранглер спалілі ноччу 8 верасня — у той час Ціханенка знаходзіўся на сваім лецішчы.
120911 Cihanenkau.mp3
Аляксей Ціханенкаў: “Гэта было ў 5 хвілінаў на 2 гадзіну начы. Было чуваць, як разбілі шкло — спачатку ўдарылі па лабавым, а потым былі пасажырскае і шкло кіроўцы разбітыя. Унутр кінулі паходню і ёмістасць з палівам літры на тры ў салон. Усё пачало гарэць — згарэла ўсё ўнутры”.

Кандыдат у дэпутаты адразу выклікаў міліцыю, якой паведаміў імёны тых, хто, на яго погляд, можа мець дачыненне да здарэння. Гэтыя людзі напярэдадні хадзілі па гаражным кааператыве, дзе працуе Ціханенкаў, і збіралі подпісы супраць яго выбарчай дзейнасці. Маўляў, ён там "агітуе супраць прэзідэнта", раскідвае ўлёткі і паводзіць сябе “антыдзяржаўна”.

У выніку Ціханенкава выклікалі ў раённы аддзел міліцыі і прапанавалі прайсці праверку на дэтэктары ілжы. Як патлумачылі кандыдату, гэта неабходна для таго, каб праверыць, ці не сам ён спаліў сваю машыну. Палітык пагадзіўся. Пагадзіўся на дэтэктар і адзін з названых Ціханенкавым падазраваных. Другі — адмовіўся.

Адмаўляцца ад далейшага ўдзелу ў выбарах кандыдат ад АГП, які балатуецца па Аршанскай гарадской выбарчай акрузе № 26 не плануе. Наадварот, лічыць, што гэта здарэнне прыцягне да яго асобы ўвагу выбаршчыкаў. Праўда, кампанію сваю плануе завяршыць, як і ўсе спікеры АГП, 15 верасня.