Толькі спецыяліст зможа адрозніць сучасны і аўтэнтычны слуцкі пояс

На фота — Барыс Лазука паказвае слуцкі пояс, з якога будуць рабіць копію

"Пояс максімальна
набліжаны да арыгінала, які знаходзіцца ў нашым музеі, будзе створаны ў пачатку
— сярэдзіне снежня гэтага года. І грамадскасць, не гаворачы пра кіраўніцтва
дзяржавы, зможа на ўласныя вочы пераканацца ў яго аўтэнтычнасці, падабенстве:
калі на стале будзе ляжаць пояс XVIII стагоддзя і пояс, выраблены ў Слуцку
цяпер"
, — кажа Барыс Лазука,
дырэктар Музея гісторыі Акадэміі навук.

Як стала вядома Еўрарадыё, з Нямеччыны ўжо едзе сучасны
станок для слуцкай фабрыкі. На ім будуць ткаць паясы, якія не спецыялісту
нельга будзе адрозніць ад старажытных слуцкіх. Так прынамсі гавораць у Музеі
гісторыі.

Пакуль жа ў Барысаве стварылі копіі слуцкага пояса.

"Гэта вышыўка,
выкананая па фота слуцкага пояса XVIII века з кніжкі "Стары касцёл".
Наш мастак павялічыў гэты здымак, каб чытаўся малюнак, і зрабіў дакладную
копію. Ад фота пояс нічым не адрозніваецца. Гэта фрагмент пояса — сувенір. Адно
пано — гэта кветка, галава слуцкага пояса, другое — сярэднік, такіх было
дзевяць на поясе",
— кажа начальніца ткацкага цэху Барысаўскага
камбіната дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Таццяна Шастухіна.

Каштуюць гэтыя два фрагменты каля 2,3 мільёна рублёў.
Паасобку: 900 тысяч за малы і 1,3 мільёна за вялікі. Шырыня, як у сапраўднага
слуцкага пояса, — 35 сантыметраў, даўжыня — 85 і 25 сантыметраў. Таксама ў
Барысаве зрабілі паменшаную копію слуцкага пояса.

"Адзін бок
светлы, для вяселляў, другі цёмны, для пахаванняў. Мы зрабілі зменшаную копію,
бо ў арыгінале цяжка і дорага. Адзінае што — ён вельмі тоўсты, і завязаць яго
не атрымаецца. Гэта толькі сувенір. Але ў яго выгляд слуцкага пояса",

— распавядае Таццяна Шастухіна.

"Яны былі
прэзентаваныя значным людзям, не толькі з Беларусі. Кошт да 5-6 мільёнаў,
залежыць ад памераў і складанасці. Калі прывязуць новую машынку, стане танней і
па якасці лепей",
— кажа дырэктар барысаўскага камбіната Рыгор Шэміт.

Паспрабавалі ў Барысаве зрабіць пояс, тканы на ручным
станку, але ён пакуль вельмі далёкі ад арыгінала, самі гэта прызнаюць.

"Пояс вытканы на
ручным станку. Ён вельмі далёкі ад арыгінала. Адзінае, што ў яго ад слуцкага
пояса, — ён двайны",
— гаворыць Таццяна
Шастухіна
.

Яго пакуль няма ў продажы і ён амаль у два разы вузейшы за
арыгінал.

Фота: СТВ, Еўрарадыё