Сям’я Аляксандра Рыбака бачыла выбух у Осла са свайго акна

Еўрарадыё: Дзе вы знаходзіліся падчас выбуху? Дзе знаходзіўся Аляксандр Рыбак і ці, крый Божа, не пацярпеў хто-небудзь з вашай сям’і?

Наталля Рыбак: “У нашай сям’і, на шчасце, ніхто не пацярпеў. Саша ў гэты момант выязджаў на канцэрт недалёка ад Осла. Мы сядзелі дома, у нас былі госці. З нашых вокнаў бачны цэнтр горада. І мы чулі гэты выбух, мы бачылі слуп дыму, які падняўся, але мне нават у галаву не магло прыйсці, што гэта сапраўды выбух. Мы думалі, што гэта, у горшым выпадку, сутыкненне двух кацераў...”

Еўрарадыё: Як вы асабіста адрэагавалі на гэты выбух? Якія былі адчуванні?

Наталля Рыбак: “Спачатку ніхто не мог паверыць, што гэта праўда. Спатрэбілася некалькі дзён, каб усвядоміць гэтую навіну. З гледзішча пачуццяў, гэта было жудаснае страсенне. Ва ўсіх быў дэпрэсіўны стан. Ніхто не мог паверыць, што гэта магло адбыцца сапраўды, а не ў нейкім фільме. Што чалавек з халоднай крывёй можа адабраць столькі жыццяў”.

Еўрарадыё: Як вы даведаліся пра тое, што адбылося на выспе Утойя?

Наталля Рыбак: “Гэтая навіна была яшчэ больш жудасная. Калі мы размаўлялі адно з адным, ва ўсіх былі слёзы... Пра гэта было проста немагчыма размаўляць. Да гэтага часу я бачу, што людзі не могуць супакоіцца, калі мы пачынаем казаць пра гэтыя падзеі, нам проста цяжка размаўляць пра гэтыя падзеі”.

Еўрарадыё: Што людзі кажуць зараз? Што за размовы можна пачуць у крамах, на вуліцы?

Наталля Рыбак: “Суседзі размаўляюць паміж сабой. У нас, на жаль, у лепшых сяброў нашых суседзяў загінула дзяўчына, прынамсі яе пакуль не знайшлі... Там было дзве сястры, і адна з Утойі вярнулася жывая, а другую не знайшлі, таму вельмі змрочныя настроі... Паўсюль праходзяць набажэнствы ў цэрквах, з вялікай колькасцю людзей. Людзі прыходзяць з кветкамі. На плошчах вельмі шмат кветак. Учора (у панядзелак, 25 ліпеня — Еўрарадыё) на галоўную плошчу прыйшлі 150 тысяч чалавек. Саша адкрыў канцэрт на гэтым мітынгу прысвечаным загінулым”.

Еўрарадыё: Ці стала больш паліцыі ў горадзе?

Наталля Рыбак: “Вядома, падвышаная гатовасць паліцыі і асабліва ў месцах, дзе адбываюцца дзяржаўныя сустрэчы, у цэнтры горада. Першыя дні там, дзе выбухнула бомба, было ўсе: і войскі, і зброя. Зараз больш спакойна. Але адчуваецца, я нават не ведаю, як гэта патлумачыць... Вельмі складана гэта патлумачыць словамі. Людзі проста прыходзяць і не таму, што ім цікава паглядзець на гэта месца, а людзі прыходзяць, бо ім важна быць разам. Гэта з’яднала людзей. У людзей замест нянавісці праяўляецца больш любові”.

Еўрарадыё: Што ў размовах кажуць пра асобу Брэйвіка?

 

Наталля Рыбак: “Усе сыходзяцца на тым, што розум у гэтага чалавека не здаровы. У яго былі свае мэты, як пэўна калісьці ў нацыстаў у Германіі. Ён нібыта хацеў зрабіць усё як лепш на яго думку, але сродкі дасягнення гэтай мэты проста нечалавечныя. Пра гэтую асобу людзі асабліва не размаўляюць. Пішуць нешта газеты, але ў асноўным размаўляюць пра тых, хто знік”.

Еўрарадыё: Як людзі ставяцца да пакарання для Брэйвіка, яму пагражае 21 год. Ці няма ў нарвежскага грамадства настрояў, каб яго пакаралі большым тэрмінам зняволення?

Наталля Рыбак: “Асабліва ў моладзевым асяродку, безумоўна ёсць такія настроі. Іх можна ахарактарызаваць як: “Такім людзям няма месца на зямлі”. Але ў Нарвегіі няма смяротнага пакарання. Такія настроі ёсць, але яны не распаўсюджаныя”.

Еўрарадыё: Ці ёсць адчуванне, што жыццё ў Нарвегіі не такое бяспечнае? Можа, былі думкі наконт перасялення з Нарвегіі?

Наталля Рыбак: “Не. Мы не думалі пра змену месца жыхарства. Увогуле гэта можа здарыцца паўсюль. Я думаю, што да Скандынавіі гэтая хваля тэрору дайшла з вялікай адтэрміноўкай. Але ва ўсіх у падсвядомасці была такая думка, што рана ці позна гэта здарыцца і ў нас. Тым больш, што Нарвегія ўдзельнічае ў шматлікіх вайсковых аперацыях іншых краінаў. У падсвядомасці, можа не ясна гэта было, але было адчуванне, што гэта можа здарыцца. Але я не думаю, што ў кагосьці з’явілася думка, што трэба адсюль бегчы. Такога настрою ў людзей няма”.

Фота: Reuters

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі