Суд па "экстрэмісцкім" альбоме "Прэс-фота Беларусі" будзе закрытым

Нагадаем, мінулай восенню 41 асобнік фотаальбома “Беларусь Прэс Фота 2011” не здолеў пераехаць літоўска-беларускую мяжу —
альбомы канфіскавалі мытнікі. Раней у Беларусь гэтыя
альбомы ўвозіліся афіцыйна, для чаго былі зробленыя ўсе неабходныя дакументы. 5 красавіка сёлета адна з арганізатараў конкурсу, Юлія Дарашкевіч,
атрымала ліст з КДБ,
згодна з якім у выданні “утрымліваюцца мэтанакіравана
змененыя, не адпавядаючыя рэчаіснасці здагадкі аб жыццядзейнасці
Рэспублікі
Беларусь”, а сам альбом “прыніжае нацыянальны гонар”. Фотаальбом
прызналі экстрэмісцкім на падставе экспертнай ацэнкі. На 17 красавіка
Юлію Дарашкевіч выклікалі ў суд Ашмянскага раёна.

Як піша ў сацыяльных сетках Дарашкевіч, ёй дазволілі перапісаць тэкст экспертызы альбома. Высветлілася, што экстрэмізм знайшлі нават у рубрыках "Спорт" і "Прырода".

Эксперт КДБ пра альбом Belarus Press Photo: Мне спадабаліся здымкі

КДБ знайшоў экстрэмізм у працах фатографаў

Даведка экспертнай камісіі
Экспертыза пачатая: 27.02.13 года
Экспертыза скончаная: 18.03.13 года
Экспертная камісія ў складзе:
Скрабко
Хілюта
Шульга
Бондар

на падставе ліста Упраўлення КДБ па Гродзенскай вобласці № 285 нс ад 26.02.13 у дачыненні да канфіскаванай прадукцыі правяла экспертызу друкаванага выдання, якое змяшчае тэставыя і фатаграфічныя матэрыялы, на прадмет наяўнасці ў іх прыкмет заклікаў да экстрэмісцкай дзейнасці, якія прапагандуюць такую дзейнасць.

Пытанні:
— утрыманне ў фатаграфічных і тэкставых матэрыялах прыкмет заклікаў да экстрэмісцкай дзейнасці, якія прапагандуюць такую дзейнасць.

Даследаванне:
Друкаванае выданне "Прэс-фота Беларусі-2011", выдавецтва "Tauropolis", г. Каўнас (Літва), якое паступіла на даследаванне, на 80 аркушах, уяўляе сабой ілюстраваны альбом, што  змяшчае фатаграфіі розных аспектаў жыццядзейнасці Рэспублікі Беларусь, яе грамадзян з адпаведнымі каментарыямі і тлумачэннямі.

Агульны аналіз фотаздымкаў і тэкставых каментарыяў, што змяшчаюцца ў даследаваным друкаваным выданні, сведчыць аб наўмысным скажоным прадстаўленні інфармацыі, фактаў аб рэальным становішчы ў палітычнай, эканамічнай, сацыяльнай і іншых сферах дзейнасці дзяржаўных органаў, прававога і эканамічнага становішча грамадзян Рэспублікі Беларусь.

У выніку ўласных і надуманых здагадак аўтараў даследаванага друкаванага выдання, тэкставых і фотаматэрыялаў, неабгрунтаванай і мэтанакіраванай дэманстрацыі негатыўных бакоў жыццядзейнасці беларускіх грамадзян, непрывабных бытавых момантаў у цэлым фарміруецца скажонае, прыніжальнае для дзяржавы Рэспубліка Беларусь і грамадства ў цэлым, уяўленне аб становішчы ў Рэспубліцы Беларусь. Так, напрыклад:

Фотаматэрыялы рубрыкі "Навіны":

У анатацыі да фатаграфіі (старонка 20) "Дэманстрант, збіты міліцыянтамі, ляжыць ля сценаў Дома ўраду" ўтрымліваюцца загадзя ілжывыя звесткі, прадстаўленыя ва ўласных здагадках аўтара ў выглядзе грубай характарыстыкі якасцяў і дзеянняў супрацоўнікаў сілавых структур у выглядзе выказвання "збіты міліцыянтамі", гэта значыць супрацоўнікі сілавых структур падаюцца як непадкантрольныя, небяспечныя асобы, патэнцыйныя крыніцы праблем, якія выклікаюць страх і асцярогі ў іншых, што парушаюць закон. Прыпісванні салдатам і афіцэрам праваахоўных службаў нізкіх маральных якасцяў, а таксама супрацьпраўных дзеянняў, што здзяйсняюцца імі (перавышэнне службовых паўнамоцтваў), супярэчыць нормам маралі, прынятым у грамадстве, прыніжае і абражае іх чалавечую годнасць і дыскрэдытуе іх: прымяншае аўтарытэт дзяржаўнай улады, падрывае давер да органаў улады з боку замежных дзяржаў, замежных або міжнародных арганізацый.

У каментарыях да фатаграфіі (старонка 20) "Сарваны дзяржаўны сцяг ляжыць на вуліцы пасля акцыі пратэсту" з'яўляецца ўласнай выдумкай аўтара, якая прыніжае гонар і годнасць беларускага народа — Дзяржаўны сімвал Рэспублікі Беларусь.

Фотаматэрыялы рубрыкі "Людзі ў навінах":

У анатацыі да фатаграфіі (старонка 32) "Актывіст рыхтуе агітацыйныя матэрыялы для аднаго з кандыдатаў на сваім лецішчы. Дзяржаўныя выдавецтвы адмаўляюцца вырабляць прадукцыю для апазіцыйных палітыкаў" утрымліваюцца ілжывыя звесткі ў выглядзе скажэння праўдзівай інфармацыі ў прававой сферы аб дзеяннях дзяржаўных органаў па забароне падрыхтоўкі агітацыйнай прадукцыі для кандыдатаў на пасаду Кіраўніка дзяржавы і выбарчым заканадаўстве Рэспублікі Беларусь. Распаўсюд падобнай загадзя ілжывай інфармацыі прымяншае аўтарытэт дзяржаўных органаў, прыніжае гонар і годнасць беларускага народа, як неад'емнай часткі дзяржавы.