Раз на тыдзень па гадзіне. Чаму у Мінску не знайсці выбарчых пікетаў?

“Выбары? Не. Вы лепш далучайцеся да нашай сотавай сеткі”, -- запрашае мяне ля Камароўкі дзяўчына, якая цэлы дзень агітуе мінакоў перайсці ад аднаго сотавага аператара да іншага. Пра выбары яна нешта чула, але пікетоўшчыкаў не бачыла.

Да людзей на вуліцах сталіцы я чапляюся не проста так – шукаю пікеты па зборы подпісаў за кандыдатаў у дэпутаты.

120807 Pilecki pikety.mp3

Да завяршэння тэрміну падачы дакументаў застаўся ўсяго тыдзень, а справіліся са зборам подпісаў адзінкі. Пошукі марныя. Хаджу па цэнтры горада дзве гадзіны, а ніводнага пікету не сустрэў. На вуліцах і ў падземных пераходах можна знайсці дадатковую працу, запісацца на масаж і нават набыць майткі. А вось падпісацца за кандыдата ў дэпутаты нашмат складаней – пікетаў няма.

У партыі БНФ гавораць, што пікетаў не праводзяць таму, што ў сталіцы зарэгістраваны толькі адзін іх кандыдат, ды і той зараз… у ад’ездзе.

“Што магу вам сказаць – пікеты праводзяцца ў асноўным у рэгіёнах. У Мінску зарэгістраваная толькі адна ініцыятыўная група БНФ – Аляксея Янукевіча. Ён цяпер у ад’ездзе і калі вернецца, то, магчыма, будзем праводзіць зноў”.

Спасылаюцца апазіцыянеры і на іншыя перашкоды. Беларускія хрысціянскія дэмакраты выбары байкатуюць, а на пікетах агітуюць мінчан не ўдзельнічаць у іх. Сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі расказвае, што гэта вельмі не спадабалася старшыні ЦВК Лідзіі Ярмошынай і пікеты хрысціянскіх дэмакратаў пачалі разганяць.

“Усё цяжэй і цяжэй гэтыя пікеты праводзіць. Пасля заявы Ярмошынай агрэсіўна рэагуюць на іх. Калі мы раней выстаўлялі пікеты каля крамаў, то цяпер гэта рабіць цяжка. Міліцыянты расцэньваюць іх як парушэнне заканадаўства. Прынамсі, на гэтай стадыі”.

Паводле заканадаўств,а перадвыбарчыя пікеты ў Мінску нельга ладзіць на чатырох галоўных плошчах – Незалежнасці, Перамогі, Кастрычніцкай і Прывакзальнай. А таксама бліжэй, чым за 200 метраў ад дзяржустаноў і будынкаў тэле- і радыёстанцый.

Рымашэўскі расказвае таксама, што арганізатары выбараў ужо падзялілі пікеты на канструктыўныя і неканструктыўныя. Праводзіць апошнія -- забаронена.

“Маўляў, да канструктыўных пікетаў па зборы подпісаў далучаюцца грамадзяне, якія цалкам незаконна агітуюць за байкот. Пасля гэтай заявы нам стала складаней праводзіць пікеты”.

У Аб’яднанай грамадзянскай партыі на пытанне пра пікеты адказваюць станоўча – праводзяць. Акурат на сённяшні вечар адзін запланаваны. Невядома, праўда, дзе ён будзе – канспірацыя.

Ад апазіцыянераў не “адстаюць” і улады. У грамадскім аб’яднанні “Белая Русь” Еўрарадыё змаглі расказаць толькі пра адзін пікет, запланаваны на бліжэйшыя дні. Ён пройдзе 8 жніўня на вуліцы Ангарскай і працягнецца цэлых паўтары гадзіны.

Удзельнікі выбараў запэўніваюць, што больш актыўна пачнуць дзейнічаць пасля рэгістрацыі кандыдатаў. Падача дакументаў завяршаецца ўжо 13 жніўня.

“Што магу вам сказаць – пікеты праводзяцца ў асноўным у рэгіёнах. У Мінску зарэгістраваная толькі адна ініцыятыўная група БНФ – Аляксея Янукевіча. Ён цяпер у ад’ездзе і калі вернецца, то, магчыма, будзем праводзіць зноў”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі