Пісьменнікі Беларусі, Польшчы і Швецыі зладзілі летнія чытанні ў Кракаве

У чытаннях у Кракаве ўзялі ўдзел Алесь Разанаў, Марыйка Мартысевіч, Ліна Экдаль, Ежы Ілг, Сара Лундберг, Адам Загаеўскі, Анэлі Юрдал (на здымку справа налева).

Гаспадаром сустрэчы быў Ежы Ілг, галоўны рэдактар легендарнага выдавецтва "Знак".

Алесь Разанаў: "Кажуць, што ў беларусаў савецкі менталітэт. Гэта няпраўда. У беларусаў чалавечы менталітэт, проста маштабы меншыя. У шведаў і палякаў іншыя маштабы.  Запрашаю іх браць удзел у падобных працэсах. Няхай Адам Загаеўскі выдасць кніжку па-беларускі і праедзе з ёй па Беларусі. Так і нашыя маштабы могуць пашырацца".

Пасля чаго Алесь Разанаў прачытаў некалькі вершаў, сярод якіх "На гэтай зямлі".


Хто пытаецца ў мяне дарогу на ўсход, 
хто — дарогу на захад...

Нiбы раздарожжа, я паказваю ўсiм, куды 
iсцi, а сам застаюся на месцы — 
на гэтай зямлi, пад гэтым небам,

занадта лёгкi для глыбiнi,
занадта цяжкi для вышынi,
занадта цэласны, каб падавацца 
ў якi-небудзь бок...

Вось мая левая рука, вось — правая...
Я кладу зерне ў дол — i яно вырастае 
ў дрэва:

на адной галiне ў яго сонца,
на другой — месяц,
рознагалосыя птушкi з усiх канцоў свету
спяваюць на iм свае песнi i ладзяць 
гнёзды...

Тут мой захад, i тут – усход.


Адам Загаеўскі, аўтар вольных і белых вершаў, лаўрэат некалькіх міжнародных паэтычных прэмій, пагадзіўся на запрашэнне і прачытаў адзін са сваіх вершаў. 

Nawet w wielkim mieście zapada 
niekiedy cisza i słychać, jak po 
chodniku, pchane przez wiatr, 
przesuwają się zeszłoroczne liście, 
w ich nie kończącej się wędrówce 
ku zniszczeniu.

Нават у вялікім горадзе залягае

ціша часамі, і чутно,

як па ходніку, пханае ветрам,

сьпяшаецца лісце старое,

у сваёй бясконцай вандроўцы

да неіснавання.

(Пераклад С.А.)

Ліна Экдаль, лаўрэатка прэміі Вернэра Асперстрома, прачытала верш "Ноч" у перакладзе Дзмітрыя Плакса:

"Махні

крычу я з вакна спальні

вожычысе якая я ведаю не спіць

абяцаю ты будзеш мне сястрою

калі памахаеш я буду зваць цябе сястрою

хіба ж гэта не прыемна?

ноччу ўсё напружваецца

вырастае

задушліва

задушліва так

таму я і падумала сястра

сястра толькі

махні мне сястра

падумала я

крыкнула я так

хіба гэта так цяжка

хіба ж так цяжка падняць лапку

падняць лапку і махнуць сястры"

Сара Лундберг піша дзіцячыя кніжкі. Яна вельмі засмучаная, што беларускай дзіцячай літаратуры надаецца так мала ўвагі і асноўны вал твораў для дзяцей ідзе з-за мяжы. Яна прачытала чароўную, атмасферную казку "Віта Белая Крэска і Эйвінд" — пра дзяўчынку-парадак і хлопчыка-вецер. А таксама вершык "Лета":

"Снедаць.

лавіць матылькоў.

Ехаць на ровары.

смакаваць траву.

Збіраць ягады

Высока скокаць!

Сядзець ціхенька.

Вудзіць рыбу.

Рыба ляціць!

Можа, скупацца?

Збудаваць замак.

Слімак паўзе паміж лістамі суніцаў.

Дзеці выпраўляюцца ў цікавае падарожжа на

роварах, а ў блакітным небе ляціць белая чайка

лета ўжо тут!"

(Пераклад Надзеі Кандрусевіч)

Анэлі Юрдан пазнаёміла са сваім раманам "Аўгустоўскія лазні ўлетку". Пісьменнік-алкаголік едзе ў Аўгустоўскія лазні на лета пад пагрозаю разводу. Там ён знаёміцца з загадкавай дамай, якая лечыцца ў лазнях ад сіфілісу, і маладой дзяўчынай. Ствараецца своеасаблівы трохкутнік.

Анэлі зрабіла цікавы выклад з класавай рэчаіснасці Швецыі, якую часта лічыць першым бяскласавым грамадствам на свеце. Але так не ёсць. Проста класавыя розніцы ў Швецыі праяўляюцца інакш — праз доступ да адукацыі, праз паштовы адрас нават (у прэстыжных ці непрэстыжных раёнах жыве чалавек).

Марыйка Мартысевіч прачытала вершы са свайго нядаўняга зборніка "Амбасада", між іншых — "Верш сярэдзіны лета":

"Жыхары вёсак на поўначы Швэцыі
адказна падыходзяць да сьвята
сярэдзіны лета.
Галоўнае, лічаць яны,
каб тваё вогнішча
было вышэйшым за ўсё суседскія,
каб яно было самым высокім вогнішчам у акрузе.
Дзеля гэтага сьцягваецца ўсё, што гарыць,
і складуецца штабялямі на лузе.

Калі б з мальцамі поўначы Швэцыі
меў магчымасьць пацерці
сусед маёй бабці
з поўначы Беларусі,
адзін такі Мішка,
ён бы мог даць ім шмат карысных парадаў
што да прадмету:

"Аснова кастра — пакрышкі, —
казаў бы Мішка, сплёўваючы пад ногі
дажаваную скурку ад сала, —
запомніце, рэбза, пакрышак
ніколі не бывае замала.
Чым болей пакрышак,
тым круча пройдзе Купала".

Чытанні адбываліся ў скляпенні Nordic House у старым горадзе Кракава на вуліцы Святой Анны.

Здымкі рабіла прадусарка чытанняў Марыя Сёдэрберг. Чытанні адбываліся ў рамках міжнароднага падарожжа "Крокамі Адама Міцкевіча"

Здымкаў з падарожжа Мінск-Навагрудак-Бяроза-Брэст-Варшава-Кракаў больш на шведска-беларускім літаратурным блогу: http://belaruslitteratur.blogspot.se/

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі