Наста Палажанка і Зміцер Дашкевіч нарэшце пабраліся шлюбам (фота)

Аднак шлюб даў права
на спатканне - першае за два гады. Ва ўмовах гарадзенскай турмы строгага рэжыму гэта – 2
гадзіны праз шкло, і тое не адразу. Але Наста Палажанка, якая ад сённяшняга дня стала Настай
Дашкевіч, лічыць гэтыя падзеі Божым цудам на Каляды і іх са Змітром вялікай
перамогай.

“Мы спрабавалі некалькі разоў дагэтуль падаць
заяву і распісацца. Але ў нас не атрымоўвалася – ці Змітра пераводзілі, ці нам
адмянялі, ці яшчэ нейкія прычыны знаходзілі”,
кажа Наста
Дашкевіч
.

Больш чым год ім замінала фармальнасць – Змітру так і не вярнулі пасля суда
пашпарт. Хоць Наста нават знайшла дакумент – убачыла ў кабінеце ў следчага КДБ. Але і
гэта не дапамагала.

Наста Дашкевіч: “Калі мне
паказвалі асабістыя рэчы Дашкевіча – сярод іх былі ягоны заплечнік і ягоны
пашпарт. Але ніхто яго дасылаць Дашкевічу ў калонію не збіраўся – бо яны
цудоўна разумелі, што гэта дасць магчымасць нам распісацца. Мы з адвакатам
больш за паўгода пісалі скаргі ў розныя структуры з просьбаю вярнуць пашпарт.
Нарэшце Генпракуратура напісала нам, што “дакладнае месцазнаходжанне
пашпарта ўказаць альбо пацьвердзіць не ўдалося". З гэтай паперай мы звярнуліся ў
калонію з просьбай аднавіць зняволенаму пашпарт”.

 

Калі пашпарт быў адноўлены, былі доўгія
затрымкі, зрывы і пераносы, пакуль нарэшце Наста не пачула ў ЗАГСе дату: 19
снежня.

Наста Дашкевіч: “Тое, што зараз здарылася, я лічу Божым цудам. Бо першапачаткова шлюб мусіў быць 19 снежня. Я падала дакументы 12.12.12 – і мне сказалі, што
дата 19 снежня. Я спачатку напружылася, бо гэта было праз тыдзень, я была
прастуджаная, і галоўнае – 19 снежня гэта адна з самых трагічных дат у нашым
жыцці. Але сітуацыя вырашылася за мяне – патэлефанавалі з гарадзенскага
ЗАГСа і паведамілі, што 19 нічога не адбудзецца, бо ў іх Дзень ЗАГСа. І наш
роспіс пераносіцца на 26 снежня”.


Наста не верыла
да апошняга, круціла ў галаве два варыянты – альбо новы зрыў і перанос, альбо ўсё-ткі
Божы цуд на Каляды.

Наста Дашкевіч: “Я
прыехала ў гарадзенскі ЗАГС, аддала свой пашпарт – і пераканалася, што ўсё ў
парадку. У гэтым пашпарце мне адразу ж першай паставілі штамп пра тое, што
Дашкевіч з’яўляецца маім мужам. Я яшчэ пажартавала, што цяпер у Дашкевіча не
будзе варыянтаў!.. Пасля гэтага мы з супрацоўніцай ЗАГСа пайшлі ў гарадзенскую
турму”.


 

Наста нават пасля гэтага была гатовая да падвоху – надта ўжо марудна і доўга супрацоўнікі турмы
спраўджвалі, ці ўсе дакументы ў парадку…

 

Наста Дашкевіч: “Мяне завялі ў пакой першай, каб я чакала Змітра. Ён зайшоў, зняў на
аўтамаце шапку і сказаў: “Нічога сабе!” Ён, відаць, таксама думаў, што зноў пабачыць
адваката, які паведаміць, што нічога не атрымалася... Потым мы падыйшлі да стала,
была стандартная прамова супрацоўніцы ЗАГСа. Потым спыталіся, якое я бяру
прозвішча. Узнікла невялікая паўза – хоць мы са Змітром неаднаразова
абмяркоўвалі ў лістах гэты момант. Безумоўна, я сказала, што бяру прозвішча
Дашкевіч! Ён вельмі ўзрадваўся! Як я потым пажартавала, раней у рэжыма быў
адзін Дашкевіч – адна праблема. А зараз стала дзве! Потым да стала падыйшлі
сведкі – супрацоўнікі калоніі. І Зміцер нават жартам сказаў ім: праз год будзем
святкаваць, мы ж цяпер як адна сям’я – і ўсе рассмяяліся!”.

Наста апавядае,
што ўсё адбылося вельмі хутка. 5 хвілін – сама рэгістрацыя шлюбу. Яшчэ 5 ім
далі пабыць разам. Потым супрацоўнікі турмы выбачыліся і вывелі Дашкевіча з
пакоя. У калоніі, дзе быў Дашкевіч раней, пасля шлюбу ім бы належала
трохдзённае спатканне. Тут – 2 гадзіны праз шкло. І тое, па нейкіх прычынах у
дзень вяселля яго не далі, сказаўшы “пісаць заяву – і будзе ў бліжэйшы час”...

За гэтыя 10
хвілін Наста старалася наглядзецца на свайго каханага, якога бачыла 2 разы за 2
гады – на судзе і на пахаванні Змітровай матулі.

Наста Дашкевіч: “Я была шакаваная, пабачыўшы Змітра. Прыемна шакаваная. Для мяне гэта
абсалютна той жа чалавек, з якім мы развітваліся. Калі мы сядзелі і размаўлялі,
было ўражанне, што я бачыла яго ўчора. Не верылася, што гэта чалавек, які прайшоў такія цяжкія і жахлівыя выпрабаванні. Я пазнавала яго мяккі любячы позірк, пазнавала яго… Хоць ён
вельмі схуднелы, вельмі бледны. Я здзівілася, што ён паголены налыса – бо ён
пісаў, што хоча хоць троху адгадаваць валасы да гэтай падзеі. Але яму
пагражалі, што надзенуць на яго кайданкі і прымусяць галіцца”.


Нарэшце статус
“нявеста Дашкевіча”, з якім Наста жыла амаль два гады, змяніўся на “жонка”. Што
яшчэ выйгралі маладыя ад вяселля за кратамі?

Наста Дашкевіч:  Гэта быў адзіны шанец убачыць яго. І гэта самы лепшы падарунак, які мы
маглі зрабіць адно аднаму на Раство і Новы год. Гэта вельмі важна для мяне, што
з сённяшняга дня і назаўжды мы - муж і жонка. Я мела магчымасць хоць бы проста
дакрануцца да яго. Таксама я маю права цяпер на некалькі, няхай і кароткіх, але
сустрэчаў, якіх мы былі пазбаўленыя ўвесь гэты час”.

Зразумела, Наста
не надзявала белую сукенку – найперш, гэта недарэчна ў турме, дзе жаніха
прыводзяць у робе. Да таго ж, сапраўднае вяселле – наперадзе.

Наста Дашкевіч: “Гэта важны крок, але галоўнае вяселле наперадзе. Мы са Змітром чакаем
вянчання, каб мы сталі сапраўднымі мужам і жонкаю перад Нябёсамі”.

Вяселле адбылося
ў пэўнай таямніцы – Наста да апошняга не казала нікому, каб не сурочыць. Нават
бацька дазнаўся ўжо па факце.

Наста Дашкевіч: “Бацька фактычна здагадаўся, у чым справа. Я патэлефанавала і сказала, што
еду з Гародні, але без адваката. Ён адразу і запытаўся: “Як справы ў Дзімы?..”
Я адказала, што Дзіма ззяе. А дома я паказала пасведчанне – і бацька павіншаваў
мяне. Дарэчы, Дзіма ў лісце прасіў згоды майго бацькі на гэты шлюб - і атрымаў яе”.


Наста кажа, што
ёй удалося захоўваць спакой увесь час цырымоніі. І толькі ў адным моманце яна
дрыгнула.

Наста Дашкевіч: “Калі яго пачалі ўводзіць ад мяне – я зразумела, што казка скончылася.
Зразумела, што наперадзе яшчэ час да жніўня. Як максімум – альбо як мінімум”.

18 снежня 2012
года Зміцер Дашкевіч мусіў выйсці на свабоду. Калі б з яго не зрабілі “злоснага
парушальніка” і не дадалі яшчэ год турмы строгага рэжыму.

Змітра Дашкевіча схапілі
18 снежня 2010 года і абвінавацілі ў збіцці невядомых, асудзіўшы на 2 гады зняволення.
Наста Палажанка была схопленая на наступны дзень, 19 снежня 2010 года пасля Плошчы, правяла 2
месяцы ва ўнутранай турме КДБ, была асуджаная на 1 год пазбаўлення волі з адтэрміноўкай на 1 год.