На прахадной МАЗа: Заробкі змяншаюцца, а машын на тэрыторыі настаўлена шмат

Афіцыйна кіраўніцтва МАЗа супакойвае: праблемаў няма, ёсць “унутраныя прычыны”. Але ў сакавіку некаторыя падраздзяленні беларускага аўтагіганта перавялі на чатырохдзённы працоўны дзень.

Каб даведацца пра сапраўдную сітуацыю на заводзе, выпраўляемся каля апоўначы з аўторка на сераду 12 сакавіка да прахадных завода. Адтуль рабочыя выходзяць і збольшага крочаць на аўтобусны прыпынак, раз’язджаюцца па дамах на аўтобусах сваёй вытворчасці.

“Загад наконт чатырохдзёнкі павесілі на мінулым тыдні, — узгадвае рабочы інструментальна-штампавага завода (так на новы капыл называюць цэхі МАЗа. — Еўрарадыё). — Але вядуцца размовы, што чатырохдзёнку адменяць. Праўда, новы загад наконт гэтага ніхто не вешаў. Пра ўсё даведаемся ў чацвер”.

Фота carfactum.ru

“Я працую гардэробшчыцай ў ліцейным цэху. Там мужыкі па сем мільёнаў зарабляюць. І засталіся на пяцідзёнцы, — інфармуе жанчына пенсійнага веку. — Кажуць, што астатнія цэхі перавядуць на чатырохдзёнку”.

Многія рабочыя, дарэчы, у адзін голас трывожацца заробкамі на МАЗе. Маўляў, сталі менш плаціць і незразумела, што будзе далей.

“Я яшчэ разліку не браў за люты, але чуў, што будзе менш, чым за студзень, — непакоіцца рабацяга-ліцейшчык. — Хоць у студзені мы толькі 10-га на працу выйшлі. Таму нехта звальняецца, нета пераводзіцца ў іншыя цэхі. Ці нават на іншыя заводы, дзе атрымліваецца большы заробак. На той жа МЗКЦ (Мінскі завод колавых цягачоў. — заўв. Еўрарадыё)”.

Прасаўшчык з МАЗа Сяргей, які адбывае на заводзе тэрмін папраўчых работ, адчуў, што грашовая кішэня з восені абмялела амаль удвая.

“Яшчэ ў лістападзе зарплата ў мяне была 4 мільёны. І абяцалі прэміі падняць на 10%. Але месяц за месяцам  пачало па паўмільёна змяншацца. Сёння зарплата — 2,5 мільёна, — падлічвае Сяргей. — У “вальнячых”, якія працуюць прасаўшчыкамі, большы заробак, але ненашмат. Многія скардзяцца. А я “хімік”, ад такіх скаргі не прымаюцца”.

Галоўную крыніцу праблем многія рабочыя МАЗа бачаць у збыце сваёй прадукцыі замежным партнёрам.

“Заробак у нас быў каля 6-6,5 мільёна. Стане на мільён менш. Ёсць і тлумачэнне, чаму нас перавялі на чатырохдзёнку: “у сувязі з сезоннай праблемай продажу тэхнікі”, — распавядаюць мне рабочыя інструментальнага цэха. — Машын на тэрыторыі завода настаўлена шмат. Расія ў Сусветную гандлёвую арганізацыю ўвайшла і цяпер павінна купляць машыны з рухавіком “Еўра 4”.

Парадокс у тым, што рухавікі “Еўра 3”, якія раней пераважна ставілі на МАЗы, у Расіі і закупляліся.

Завадчане спадзяюцца, што збыт нейкім чынам наладзіцца, і вельмі разлічваюць на Венесуэлу, Таджыкістан і Кіргізію.

У час эканамічнага крызісу-2011 МАЗ пераводзілі і на трохдзённы працоўны тыдзень. Але потым сітуацыя наладзілася.

“Заўжды на такім вялікім прадпрыемстве была цякучка кадраў. Людзі сыходзяць. Камусьці не падабаецца, камусьці надакучыла, — аптымістычна разважае рабочы з рамнага цэха, ачышчаючы свой заледзянелы “Опель” ля галоўнай прахадной МАЗа. — Вялікай праблемы зараз, думаю, не здарылася. Але што праўда: прадукцыі на складах стаіць вельмі шмат”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі