Мікалай Лазавік не паедзе ў Вену на канферэнцыю АБСЕ

У гутарцы з агенцтвам БелаПАН Лазавік пацвердзіў, што ён і
старшыня ЦВК атрымалі запрашэнні на канферэнцыю Арганізацыі па бяспецы і
супрацоўніцтве ў Еўропе (АБСЕ) "Дэмакратычныя выбары і назіранне за
імі". Канферэнцыя пройдзе 12—13 ліпеня ў Вене.

На яе паедзе Лідзія Ярмошына. А Мікалай Лазавік на час яе
адсутнасці застанецца кіраваць Цэнтравыбаркамам
напярэдадні вераснёўскіх выбараў у Палату прадстаўнікоў.

Па словах Лазавіка, кіраўніцтва ЦВК Беларусі ўдзельнічала ў
падобных канферэнцыях і ў мінулыя гады. Аднак пасля ўнясення ў "чорныя
спісы" Еўрасаюза з такімі паездкамі пачаліся праблемы. Лазавік кажа, што
летась ён не змог прыняць удзел у сустрэчы кіраўнікоў цэнтравыбаркамаў у
Малдове.

Сёлета, на яго думку, кіраўніцтва АБСЕ запрасіла кіраўнікоў
беларускага ЦВК, бо хоча атрымаць запрашэнне для назірання за выбарамі ў
Беларусі.

Фота — bymedia.net