КДБ: Башарымаву і Сурапіну выставілі абвінавачанні, шведаў чакаем у Мінску

"У інтарэсах аб'ектыўнага расследавання крымінальнай справы і высвятлення ўсіх акалічнасцяў парушэння паветранай прасторы Рэспублікі Беларусь і Літоўскай Рэспублікі Камітэтам дзяржаўнай бяспекі прапануецца падданым Швецыі, якія прынялі ўдзел у арганізацыі і ажыццяўленні незаконнага перамяшчэння праз дзяржаўную мяжу, прыбыць у Мінск для ўдзелу ў следчых дзеяннях у якасці падазраваных, у тым ліку для правядзення вочных ставак ", — заявілі ў КДБ.

Там таксама патлумачылі, што па выніках гэтых дзеянняў "будуць прыняты канчаткова адпаведныя працэсуальныя рашэнні ў дачыненні да беларускіх грамадзян, якія праходзяць па крымінальнай справе".

Як паведамляе БЕЛТА, у аўторак Цэнтр інфармацыі і грамадскіх сувязяў КДБ Беларусі паведаміў, што Антону Сурапіну і Сяргею Башарымаву выстаўленыя абвінавачанні — ч.6 арт.16 (дапамога ў здзяйсненні злачынства) і ч.3 арт. 371 (незаконнае перасячэнне Дзяржаўнай мяжы Рэспублікі Беларусь) КК Беларусі.

Нагадаем, Сурапін быў затрыманы КДБ 13 ліпеня па справе аб незаконным
перасячэнні мяжы шведскім лёгкаматорным самалётам. Інцыдэнт адбыўся
раніцай 4 ліпеня. Над Івянцом і Мінскам былі скінутыя сотні плюшавых
медзведзянятаў. Адказнасць за акцыю ўзялі на сябе прадстаўнікі шведскай
піяр-кампаніі Studio Total. Такім чынам яны хацелі падтрымаць свабоду
слова ў Беларусі. 20-гадовы студэнт Інстытута журналістыкі БДУ
Антон Сурапін першым выклаў на сваім сайце Belarusian News Photos здымкі
скінутых шведамі цацачных мядзведзяў.

6 ліпеня супрацоўнікі КДБ затрымалі рыэлтара Сяргея
Башарымава. Яму заявілі, што яго падазраюць у
саўдзеле ў перасячэнні мяжы групай асобаў. Менавіта Башарымаў у траўні здаў кватэру
дырэктару шведскай Studio Total Перу Кромвэлу. Збіраўся здаваць і 3 ліпеня.
Аднак той да яго не даехаў і выслаў некалькі смсак з адмовай ад кватэры на
Карла Маркса.

***

Пер Кромвэл: Калі нас хочуць запрасіць у Беларусь, дык няхай бы звязаліся

Арганізатар "плюшавага дэсанту" Пер Кромвэл пракаментаваў Еўрарадыё сённяшнюю заяву КДБ.

Кромвэл кажа, што з ім і яго сябрамі яшчэ ніхто не звязваўся. Пра заяву КДБ яны ўжо ведаюць з інтэрнэту.

"Калі
яны хочуць нас запрасіць, то мусяць скантактавацца, як мы можам
сустрэцца і калі... Але думаю, што яны звяжуцца з намі хутка, наколькі
гэта магчыма", — кажа ён. І толькі ўжо пасля гэтага шведы падумаюць, што
рабіць далей.