Галандыя і Нарвегія спынілі фінансавую падтрымку беларускім псеўдаўцекачам

Як даведалася Еўрарадыё, асаблівы рост заявак беларусаў на прытулак у еўрапейскіх краінах адбыўся летась, калі лічба патэнцыйных уцекачоў склала паўтары тысячы чалавек. Прычым часцей за ўсё спрабавалі асесці ў самых заможных еўрапейскіх краінах. Больш за палову ад усіх беларускіх заявак на прытулак былі закладзеныя ў міграцыйныя органы скандынаўскіх краін (Фінляндыя, Швецыя, Нарвегія) і Нідэрландаў. А ў Францыю летась збеглі столькі ж беларусаў, колькі ў суседнія Літву, Латвію і Польшчу разам узятыя.

У пэўнай ступені гэта тлумачыцца тым, што вынаходлівыя беларусы-авантурысты знайшлі дзіркі ў міграцыйным заканадаўстве шчодрых еўрапейскіх краін. Справа ў тым, што шэраг краін плацяць грошы тым уцекачам, каму адмоўлена ў прытулку і якія пры гэтым гатовыя вярнуцца ў сваю краіну добраахвотна.

Выглядае, што беларусы, даведаўшыся пра такую сістэму, распавядалі  іншым, і так лічба псеўдаўцекачоў, якія ехалі па лёгкія грошы, няспынна расла. Не выключана, што часам такой інфармацыяй дзяліліся не задарма, а за грошы.

Спачатку свае фінансавыя дзверы для беларускіх псеўдаўцекачоў зачынілі Нідэрланды. Міністэрствы ўнутраных і замежных справаў Каралеўства Нідэрланды вырашылі, што вяртанцам у Беларусь з 16 лістапада 2011 г. "больш не прадстаўляецца права на атрыманне пражытковага мінімуму і гранта на рэінтэграцыю".

Мэта рэінтэграцыйнага гранту (а паводле галандскіх нормаў ён складае каля 2000 еўра) — дапамагчы вяртанцам ужыцца на сваёй радзіме пасля бадзянняў па заходніх краінах у пошуку прытулку.

Тады плынь авантурыстаў перанакіравалася ў Нарвегію. Паводле нарвежскага заканадаўства, грамадзянам краін былога Савецкага Саюза, якім адмаўляюць у прытулку і якія вырашаюць добраахвотна вярнуцца на радзіму, плацяць 20 тысяч нарвежскіх крон, ці каля 2700 еўра.

Калі за ўвесь 2011 год толькі 7 беларусаў падалі заяўку на добраахвотнае вяртанне, то за першыя 7 тыдняў 2012 г. папрасілі прытулку ажно 52 чалавекі, кажа Еўрарадыё Кнут Бернтсэн, чыноўнік нарвежскага міграцыйнага агенцтва.

Кнут Бернтсэн: "Калі мы пачалі вывучаць заяўкі беларусаў, то ўсе іх знайшлі беспадстаўнымі. Выявілася, што 75% заяўнікоў паходзілі з Гродна, большасць з заяўнікоў былі халастыя мужчыны ва ўзросце ад 20 да 30 гадоў, некалькі незамужніх жанчынаў. Некаторыя заяўнікі пагадзіліся на добраахвотнае вяртанне нават да таго, як з імі былі праведзеныя інтэрв’ю наконт прытулку".

Тады нарвежскія спецыялісты прынялі рашэнне часова спыніць прадстаўленне грантаў на рэінтэграцыю ўсім грамадзянам Беларусі. Усім заяўнікам на прытулак з Беларусі адразу ж паведамлялі, што рэінтэграцыйны грант яны не атрымаюць. Прычым, кажа спецыяліст, такое рашэнне прынялі яшчэ да таго, як даведаліся пра ранейшы падобны крок Нідэрландаў. Праўда, дапамога са зваротнымі білетамі заставалася, і выключэнні па рэінтэграцыйным гранце таксама ў некалькіх выпадках рабілі, заўважае Кнут Бернтсэн.

Такое радыкальнае рашэнне нарвежскае міграцыйнае агенцтва прыняла ўпершыню, хаця раней асобам з некаторых балканскіх краін адмаўлялі ў рэінтэграцыйнай падтрымцы на індывідуальнай аснове.

Згодна са словамі Кнута Бернтсэна, адразу ж пасля рашэння не выдаваць рэінтэграцыйны грант колькасць заяўнікоў з Беларусі рэзка  зменшылася. Сапраўды, калі ў студзені-сакавіку 95 беларусаў падалі заяўкі на атрыманне прытулку ў Нарвегіі, то ў красавіку-траўні — тольці пяцёра, сведчыць статыстыка Нарвежскага дырэктарата па іміграцыі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі