Эратычная фотасесія са слуцкім поясам — фота!

У музеі Багдановіча ў Мінску захаваўся адзін слуцкі пояс, які знайшлі ў зямлі падчас раскопак. З-за гэтага ён згубіў колер і стаў шэрым. Але фотамастачку Алену Адамчык менавіта гэтая срэбная шэрасць больш за ўсё ўразіла.


"Мне вельмі падабаліся драпіны на ім, як драпіны на фотапаперы. Ён вельмі прыгожы. Я бачыла ў музеях каляровыя, але мне спадабаўся менавіта ён".


Здымкі нідзе не публікаваліся, бо ў 1990-я гады іх палічылі занадта эратычнымі. Пра тое, што паясы насілі толькі мужчыны, Алена Адамчык тады не ведала. Фота рабіліся не ў колеры, таму срэбны пояс вельмі пасаваў да фотапаперы.


"Такая тканіна больш пасуе жаночаму вобразу. Я падабрала вельмі маладых прыгожых дзяўчат. Срэбны пояс і фотапапера вельмі гарманічна выглядалі. Дзяўчаты былі больш рэалістычнымі, я іх старалася зрабіць, як рэчавік. Фотасесія адбывалася ў мяне дома на вуліцы Багдановіча. У мяне быў вельмі прыгожы пакой. Мы адмылі сцены ад шпалераў і засталіся толькі панэлі, якія потым пабялілі. Я вельмі любіла здымаць у лютым, таму што сонца вельмі нізкае. Яно трапляла ў акно і атрымлівалася прыгожае асвятленне. У нас быў зялёны лінолеум, усё вельмі сціплае і таннае, а па колеры прыгожае. Гэты пояс натхніў мяне тым, што ён быў срэбны".



Здымалі пояс пад аховай! Тады ніхто з прысутных — відаць, акрамя супрацоўніка музея — не ведаў, што такі пояс можа каштаваць ад 100 тысяч еўра.


"Быў супрацоўнік такі вялікі. Я яму казала: "Можа пойдзеш пагуляеш?". Ён адказваў, што пабудзе ў суседнім пакоі, каб нешта не здарылася. Я не ведала, колькі пояс каштуе. Але адчувала адказнасць за яго і вялікі гонар, бо разумела, што кошт сапраўды надзвычайны".


Пояс патрапіў у музей Багдановіча ад прыватнай асобы ў 1986 годзе. Выраблены быў на Слуцкай мануфактуры прыблізна ў 1760 годзе. Ён быў не ў самым лепшым стане, бо быў адкапаны ў зямлі. Быў рэстаўраваны ў 1993 годзе, пасля рэстаўрацыі супрацоўнікі музея дазволілі зладзіць фотасесію.


"Мне падабаюцца гэтыя людзі, што яны не хаваюць усё гэта і не робяць з гэтага грошы. Сапраўды вось гэта культура належыць усім беларусам. Мне было цікава зняць гэты пояс разам з маладой прыгожай жанчынай. Сапраўднае хараство і наша гісторыя, якая існуе ў дадзены момант. Для мяне гэта фотасесія ў той момант таксама была вельмі гістарычнай".


Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі