Дык якое месца Ланская заняла ў галасаванні журы “Еўрафэста”?

Не дачакаўшыся вынікаў тэлефоннага галасавання, Еўрарадыё вырашыла пайсці іншым шляхам. Мы тэлефануем сябрам журы і пытаемся, як яны прагаласавалі на “Еўрафэсце”. Бо пераможца вызначаецца “складаннем вынікаў галасавання сябраў прафесійнага журы і тэлегледачоў”. І вельмі важна, на якое месца ставіць Ланскую журы.

Аляксей Хлястоў гэта прыгадвае лёгка:

“Я прагаласаваў так: 12 балаў за Litesound, 10 балаў — Uzari, а наступная — Вікторыя Алешка. Галасаванне было максімальна набліжана да фармату “Еўрабачання”. Мы ставілі ад 12 да 6 балаў, прычым адзнак у 9 і 11 балаў не ставілі”.

Іна Афанасьева на “Еўрафэсце” ўвогуле адпраўляе Ланскую на... апошняе месца!

Іна Афанасьева: “Алёна была самая слабая з 5 прэтэндэнтаў. 7 балаў атрымаў Uzari. Хаця я магу напэўна сказаць, што ён мацнейшы і за Гюнэш, і за Віку Алешка. Але ў дзень “Еўрафэста” ён выглядаў горш… 8 балаў атрымала Віка, 10 балаў — Гюнэш, 12 — Litesound”.

Uzari відавочна падабаецца ёй больш за ўсіх. Але паставіць маладому выканаўцу больш не дазваляе сумленне:

“У яго былі праблемы з голасам, гэта было чуваць, — шкадуе Іна Афанасьева. — Але я не магла паставіць яму ацэнку авансам. Ён жа ведаў, што ідзе на адказнае мерапрыемства, а да свайго інструмента — да голасу — паставіўся не належным чынам. Ну вось, паехаў бы ён на “Еўрабачанне”, і забалела б яму там горла. Што б мы тады рабілі?”

Паводле слоў народнага артыста Беларусі Мікалая Скорыкава, 12 балаў гурту Litesound далі 6 сябраў журы. У тым ліку і сам спявак:

Мікалай Скорыкаў: “Я гэтаму Litesound не кум і не сват, і ўвогуле гэта музыка не зусім мая, бо я належу да старэйшага пакалення. Але гэта конкурс! Калі ўсе артысты падышлі да фінала, я звярнуў увагу, што гэта вельмі моцная каманда. Алёне Ланской я дапамагаў з выбарам песні для “Славянскага базара”, але… Ну, не атрымалася тут у чалавека! А гэта ж конкурс!”

Народны артыст Беларусі Аляксандр Ціхановіч прызнаецца Еўрарадыё, што... не памятае, як прагаласаваў на “Еўрафэсце”. Дзіўна, але здараецца!

Кампазітары Леанід Шырын і Юрый Вашчук адмаўляюцца казаць, як размеркавалі свае балы. Не ведае, ці мае на гэта права, і харэограф Аляксандр Мяжэнны.

Аляксандр Мяжэнны: “Усе паперы мы запоўнілі, падпісалі і аддалі арганізатарам конкурса. Так што пытайцеся ў іх. І другі момант: я лагічнай лічу барацьбу паміж Litesound і Ланской”.

Затое кампазітар Яўген Алейнік не робіць са свайго галасавання таямніцы:

Яўген Алейнік: “Запішыце, толькі не пераблытайце, бо не хачу нікога пакрыўдзіць. Алешка — 12, Litesound — 10, Гюнэш — 8, Uzari — 7 Ланская — 6”. У пераможцы... пятае месца!

 

Ланская

Litesound

Алешка

Гюнэш

Uzari

Алейнік

6

10

12

8

7

Афанасьева

6

12

8

10

7

Баранаў

Датэлефанавацца немагчыма

Вашчук

Не хоча раскрываць вынікі галасавання

Мяжэнны*

10

12

6-8

6-8

6-8

Марыяна Мальчык

Прадстаўніца Мінкульта, вынікі галасавання невядомыя

Скорыкаў

6

12

10

7

8

Ціхановіч

Не памятае, як прагаласаваў

Шырын

Не хоча раскрываць вынікі галасавання

Хлястоў

6

12

8

7

10

ВЫНІК:

34

58

44-46

38-40

38-40

*вынікі галасавання прыкладныя.

Такім чынам, пасля апытання 5 сябраў журы Алёна Ланская не толькі адстае ад Litesound на 24 балы, але... прайграе ўсім астатнім фіналістам “Еўрафэста”. Адназначных высноваў з нашай апытанкі зрабіць нельга, бо ў журы ажно 10 удзельнікаў. Але каб “дастаць” Вікторыю Алешку, якая ў нашай апытанцы зараз на другім месцы, Ланской трэба зрабіць амаль нерэальнае.

Складзеную намі табліцу мы далі праверыць выкладчыку факультэта прыкладной матэматыкі і інфарматыкі БДУ Юрыю Мазаніку. У лепшым для яе выпадку 3 сябры журы з астатніх 5 ставяць Алёну Ланскую на першае месца (мы памятаем, што, паводле Мікалая Скорыкава, 6 чальцоў журы аддалі 12 балаў гурту Litesound, а Яўген Алейнік аддаў максімальны бал Вікторыі Алешцы). Тады ў магілёўскай спявачкі атрымліваецца 90 балаў (34 + 12*3=36 + 10*2=20).

Каб захаваць другое месца, Вікторыі Алешцы ў невядомых нам 5 пратаколах дастаткова атрымаць ад 45 да 47 балаў. Дакладная лічба залежыць ад таго, як менавіта прагаласаваў Аляксандр Мяжэнны. Калі ж Ланская не “выбівае” максімум — Алешка застаецца другой і пры горшых раскладах.

Пры гэтым уявіць, што Алёна Ланская ў галасаванні журы заняла 4 апошнія і 3 першыя месцы, вельмі складана. Няўжо пазіцыі тых сябраў журы, з якімі не змагло пагутарыць Еўрарадыё, настолькі адрозніваюцца ад вынікаў галасавання, змешчаных у табліцы?

“Ведаеце, я шмат гляджу замежных шоў, такіх, як X-factor, American Idol. Для мяне гэтыя праекты — настольныя кнігі таго, як мусіць усё адбывацца, — дзеліцца меркаваннем Аляксей Хлястоў. — Там вельмі прафесійнае журы заўжды, бо там вельмі разумная публіка. І вось, калі сябра журы спатыкнуўся, зрабіў пратэкцыю артысту, і гэта бачна — яго рэпутацыя падае настолькі ўніз, што ў музычнай супольнасці табе не будзе месца як мінімум 3 гады. А ў Амерыцы гэта раўназначна банкруцтву”.

У палажэнні аб правядзенні “Еўрафэста” напісана, што пераможца праекта вызначаецца “складаннем вынікаў галасавання сябраў прафесійнага журы і тэлегледачоў”. Калі Алёна Ланская не заняла 2-е месца падчас галасавання журы (як гэта было абвешчана падчас “Еўрафэста”), дык наўрад ці яна можа разлічваць на агульную перамогу.

Фота: news.vitebsk.cc