Ду ю хэв мэп оф Беларус? Чаму замежнікі блытаюцца на вуліцах Мінска

Прыкідваюся іншаземцам і спрабую ў цэнтры Мінска купіць
карты горада і Беларусі. Размаўляю пры гэтым па-англійску. Найперш кіруюся да чыгуначнага вакзала. Першым
на маім шляху трапляецца шапік з праваслаўнымі таварамі. Але ці здагадаецца пра
гэта замежнік?

―Гуд Монінг, айм соры, мэйбі, ю хэв э мэп оф Беларус?
звяртаюся да святых сясцёр, апранутых у манастырскую вопратку.

―Беларусь, так, ― энергічна адказвае адна з жанчын,
паказваючы на малітвасловы, свечкі і металічныя крыжыкі. ― Але ў нас усё такое:
іконы…

― Мэп ноу? Улітса, карта?

―Вуліцы ― не. Вы, напэўна, падыміцеся наверх, потым налева,
і там будзе кіёск “Газеты, часопісы”.

Падымаемся наверх па эскалатары, знаходзім той самы кіёск,
чакаем каля пяці хвілін да заканчэння “тэхнічнага перапынку”.

Пытаемся ў прадаўшчыцы па-англійску. Яна моўчкі дае мапу,
напісаную ідэальнай беларускай лацінкай. Харошая карта: тут і славутыя беларускія мясціны, і нумары
тэлефонаў музеяў.

Урывак карты Беларусі (складзена беларускай лацінкай) 

―Ду ю хэв э мэп ов Мінск? ― цікавімся мапай ў адным з
кіёскаў гандлёвага цэнтра “Сталіца” (месціцца непадалёк ад вакзала).

―Ноу, ― спалохана адказвае прадаўшчыца.

―Э мэп, ін інгліш, ― працягваю атакаваць.

―Я па-англійску не разумею.

―Карта, у-у-у-літса...

На гэта жанчына знайшла для нас мапу сталіцы за 5250 рублёў,
зноў жа, аформленую ідэальнай беларускай лацінкай. Суму жанчына напісала на
калькулятары.

Урывак карты Мінска (складзена беларускай лацінкай) 

Таксама шукаем карты у некалькіх наземных кіёсках
“Белпошты”, змешчаных у раёне вакзала і Галоўпаштамта.

―Мы не разумеем, ―замітусілася прадаўшчыца ў адным з
кіёскаў. 

―Мэп оф Мінск. Карта.

―Напэўна, не…


―Ду ю хэв э мэп оф Мінск? ― заходзім у вестыбюль
“Галоўпаштамта”.

―Наборы? ― перапытвае прадаўшчыца?

―Но, мэп. Карта.

―Не, мы не прадаём.

У адным з кіёскаў (месціцца недалёка ад Прывакзальнай
плошчы) нам змаглі прадаць карту за 10950 рублёў.

“Толькі руская, ― сказала прадаўшчыца, якая хоць і не
размаўляла, але дала зразумець, што
добра разумее
англійскую. ― Вось тут праезд, а тут ― славутыя мясціны”.

Аказалася, што карты, складзеныя лацінкай, яшчэ ў 2010-м
годзе выпусціла прадпрыемства “Белкартаграфія”.

Сталічныя станцыі метро, дарэчы, падпісаны беларускай лацінкай. Гэтак жа, як і на новых схемах мінскага метрапалітэна: Akademija Navuk, Plošča Pieramohi…


Дзе-нідзе ў Мінску былі спробы падпісаць вуліцы лацінскімі
літарамі. Але не правіламі беларускай лацінкі ― а як-давядзецца.
Niezalezhnastci sq. ― так дзіўна падпісана плошча Незалежнасці на ўказальніку ў
цэнтры горада. У карце ж “Белкартаграфіі”
яна падпісана граматнай
беларускай лацінкай ― pl. Niezaležnasci. Такім чынам, прыезджы турыст, можа
проста не скеміць, куды пайсці.

Да таго ж, нават у цэнтры Мінска ўказальнікі лацінскімі
літарамі сустракаюцца рэдка. Вуліцы падпісаныя па-беларуску, кірыліцай. Так
яно, па вялікім рахунку, і павінна быць. Але карты ў кіёсках прадаюцца
рускамоўныя. Зноў жа, кіруючыся на “Мінск-Арэну”, турыст прачытае на шыльдачках
“праспект Пераможцаў”. А ў карце напісана “пр-т Победителей”. Як кажуць
выпівохі, без чаркі не разбярэшся.

З-за моўнага разнабою, які дапускаецца ў Беларусі, самая
папулярная сусветная інтэрнэт-мапа maps.google.com падае назвы мінскіх вуліц
адначасова і беларускай кірыліцай, і беларускай лацінскай і “як давядзецца
лацінскімі літарамі”.

У картах maps.google.com беларускія вуліцы падпісаны і лацінкай, і беларускай кірыліцай, і лацінскімі літарамі ў стылі "як будзе так будзе" 

Каб замежныя турысты не блыталіся на беларускіх вуліцах,
відавочна, што трэба прывесці карты да аднаго строгага стандарту. То бок,
падпісваць на іх усё па-беларуску
(гэтак жа, як гэта зроблена на шыльдачках дамоў). Калі рабіць карты, дзе вуліцы
падпісаныя лацінскімі літарамі, то гэта павінна быць унармаваная “Інстытутам
мовы і літаратуры” беларуская лацінка, а не хаатычная “транслітарацыя”.

Да таго ж, кампетэнтным беларускім чыноўнікам не
перашкодзіла б звязацца са складальнікамі maps.google.com, каб і там нашы
вуліцы, будынкі, плошчы і музеі падпісалі згодна з беларускімі нормамі.