Бабруйскі спартдыспансер закупляе стэроід, на якім падлавілі Армстранга

У канцы мінулага тыдня легендарны велагоншчык Лэнс Армстронг
прызнаўся ва ўжыванні допінгу і іншых забароненых рэчываў. У прыватнасці,
сяміразовы пераможца “Тур дэ Франс” спажываў тэстастэрон, картызон і гармоны
росту.

За дзень да прызнання на беларускім сайце Нацыянальнага
цэнтра маркетынгу і кан’юнктуры цэн з’явілася тэндарная аб’ява пра набыццё
рэчыва, якім карыстаўся Армстранг, — картызону. Замоўцу — Бабруйскаму
гарадскому дыспансеру спартовай медыцыны (БГДСМ) — патрэбны і іншыя
глюкакортыкастэроіды.

Зазіраем на сайт Нацыянальнага антыдопінгавага агенцтва і
яшчэ раз упэўніваемся: гэтыя рэчывы — сярод забароненых.

Тэлефануем у БГДСМ і цікавімся ў кантактнай асобы, Валянціны
Крамянецкай, ці сапраўды выстаўлялася такая тэндэрная аб’ява. Аказваецца, усё
праўда.

Валянціна Крамянецкая: “План закупак нам дае галоўная
медсястра”.

Навошта спартоваму дыспансеру спатрэбіліся прэпараты, якія
забаронены для ўжывання ў спорце?

“Гэтыя сродкі звычайна не выкарыстоўваюцца для спартсменаў.
У нас ёсць і іншыя пацыенты: трэнеры, якія не павінны праходзіць допінг-кантроль
,
— тлумачыць галоўны ўрач БГДСМ Алена Капыленка. — Да таго ж мы падаем платныя
паслугі насельніцтву. То бок гэта для агульнай дзейнасці нашай установы, а не
для таго, каб уводзіць допінг спартсменам”.

Галоўны ўрач тлумачыць, чаму без глюкакортыкастэроідаў
нельга абысціся.

Алена Капыленка: “Гэтыя прэпараты выкарыстоўваюцца пры
разнастайных вострых неадкладных станах. У першую чаргу гэта алергічныя
рэакцыі, якія могуць здарыцца на любыя ўведзеныя рэчывы. Напрыклад, у чалавека
анафілактычны шок, што трэба рабіць? Уводзяцца гармоны, то бок
глюкакортыкастэроіды”.

Тэарэтычна увесці картызон магчыма і ў арганізм дзейнага
спартсмена. Антыдопінгавыя правілы прадугледжваюць, што ў выключных выпадках
гэту працэдуру магчыма легалізаваць.

Алена Капыленка: “Калі ў выбітнага спартсмена здарыцца
вострая паталогія
анафілактычны шок — я забудуся пра ўсё, бо мне патрэбна
выратаваць чалавека. Спартсмен высокага класу можа выкарыстоўваць такія сродкі
ў выключных сітуацыях. Для гэтага ўрач рыхтуе спецыяльны запыт на выкарыстанне
такіх прэпаратаў, а камісія Антыдопінгавага камітэта дае дазвол. Напрыклад,
Б’ёрндален выкарыстоўвае забароненыя гармоны ў выглядзе спрэю, бо ў яго
бранхіяльная астма”.

Вымушанае ўжыванне картызону і іншых забароненых рэчываў
павінна запісвацца ў так званы допінг-аркуш.

Калі працэс такім чынам легалізуюць, то пазней да спартсмена
не ўзнікае прэтэнзій ад допінг-афіцэраў.

Картызон стаў выкарыстоўвацца ў тэрапеўтычных мэтах яшчэ ў
1950-я гады. Ін’екцыі рабілі супраць запалення падчас артрытаў.

Нядобрасумленныя спартсмены ўжываюць картызон для больш
хуткага ўзнаўлення запалення суставаў.