Рассельгаснагляд зрабіў чарговы крок у беларуска-расійскай "прадуктовай вайне"

Рассельгаснагляд уводзіць дадатковыя патрабаванні да прадукцыі з Беларусі, спасылаючыся на пагрозу распаўсюду афрыканскай чумы свіней (АЧС), перадае interfax.by.

Прэс-сакратар службы Юлія Мелана патлумачыла, што на беларускую прадукцыю, якая нясе рызыку распаўсюду АЧС, трэба будзе атрымоўваць дазвол на ўвоз. Яна дадала, што расійскі бок выкарыстоўвае тую ж меру, якую Беларусь ужывае да расійскай прадукцыі.

Па словах Мелана, са студзеня 2015 года Беларусь стала патрабаваць дазвол на ўвоз у сувязі з распаўсюдам у РФ яшчуру, грыпу птушак і афрыканскай чумы свіней. У шырокі пералік, кажа прадстаўніца Рассельгаснагляду, трапілі тавары, якія ў нязначнай колькасці змяшчаюць прадукты перапрацоўкі свініны. Мелана падкрэсліла, што навуковага абгрунтавання для гэтага няма. Так, пад спецдазвол трапілі кармы для жывёлаў (у тым ліку для сабак або котак), расфасаваныя для рознічнага продажу, а таксама арганічныя хімічныя злучэнні для ветэрынарыі ды фармацэўтычная прадукцыя для ветэрынарыі. Прадстаўніца Рассельгаснагляду кажа, што гэтыя тавары не могуць пагражаць распаўсюдам АЧС.

Расійскі бок неаднаразова прасіў беларускіх калег адмяніць гэтыя дыскрымінацыйныя меры, або даць ім навуковае абгрунтаванне. Але адказу ад афіцыйнага Мінску, маўляў, так і не дачакаліся.

Таму Рассельгаснагляд прыняў меры ў адказ. Да гэтага дадалося яшчэ і пытанне геномам вірусу АЧС, выяўленым у гатовай беларускай мясной прадукцыі на працягу 2014 года. Пра яго беларускі бок не даў адказу. Да таго ж, у краінах, з якімі мяжуе Беларусь, у апошнія гады фіксуюцца ўспышкі АЧС.

Пад спецдазвол трапіл не толькі жывыя свінні і прадукцыя са свініны, але таксама фуражнае збожжа (пшаніца, жыта, ячмень, авёс, кукуруза, соевыя бабы), каўбасы, плаўленыя сыры ды іншыя харчовыя прадукты, якія змяшчаюць каўбасу, мяса, мясныя субпрадукты, кроў або любую камбінацыю гэтых прадуктаў.

Па новай схеме будуць таксама увозіцца макуха, неапрацаваныя шкуры жывёл, вырабы з кішак, абсталяванне і прыстасаванні для догляду ці перавозкі як саміх жывёлаў, так і прадукцыі з іх.