Расіяне ўзялі "аператыўную паўзу" — 134-я раніца вайны ва Украіне

Расійскія вайскоўцы ў захопленым горадзе Лісічанск​ / Reuters
Расійскія вайскоўцы ў захопленым горадзе Лісічанск​ / Reuters

6 ліпеня ўпершыню за 133 дні вайны не было ніякіх звестак аб прасоўванні расійскіх войскаў, адзначаюць экспэрты амерыканскага Інстытута вывучэння вайны (ISW). Яны мяркуюць, што расійская армія ўзяла аператыўную паўзу. Гэта не значыць, што баёў зусім не было — расіяне спрабавалі атакаваць абмежаванымі сіламі на ўсіх участках фронту (на поўнач і ўсход ад Славянска, ад Лісічанска ў бок Северска і з поўдня ў бок Бахмута), але гэта не перашкаджае казаць пра "аператыўную паўзу", лічаць эксперты.

"Гэта азначае, што расійскія сілы, хутчэй за ўсё, будуць абмяжоўвацца дробнымі наступальнымі дзеяннямі, пакуль яны ствараюць умовы для больш прыкметных наступальных аперацый і аднаўляюць баявыя сілы", — кажуць яны.

Украінская армія са свайго боку, па здагадках аналітыкаў Інстытута, спрабуе падрыхтаваць контрнаступленне на Херсон. Расіяне на працягу 6 ліпеня правялі беспаспяховыя наступальныя аперацыі на паўночным захадзе Херсонскай вобласці і працягваюць адбіваць ўкраінскія атакі па ўсёй паўднёвай восі. На спадарожнікавых здымках відаць "вялікую колькасць пажараў ўздоўж мяжы Херсон-Мікалаеў і Херсон-Днепрапятроўская вобласць".

Россияне взяли "оперативную паузу" —134-е утро войны в Украине
Карта баявых дзеянняў / understandingwar.org

Луганская вобласць усё яшчэ не знаходзіцца пад поўным кантролем расіян, пра гэта яшчэ ўчора ўвечары казаў кіраўнік Луганскай вайсковай адміністрацыі Сяргей Гайдай.

Па яго словах, зараз працягваюцца баі ў ваколіцах вобласці, а расіяне працягваюць несці страты. Пры гэтым захапіць дарогу з Лісічанска у Бахмут ў іх не атрымліваецца ўжо трэці месяц.

"Расіяне кантралююць толькі тыя ўчасткі, з якіх мы адышлі на новыя абарончыя пазіцыі. Пакуль трымалі Лісічанск, ні адным метрам гэтай дарогі вораг не валодаў. Для іх гэта чарговая "вялікая бітва", — адзначыў Гайдай.

Там часам у самім Лісічанску засталося 10-12 тысяч жыхароў, якія па розных прычынах адмовіліся ад эвакуацыі, кажа віцэ-прэм'ер і міністр па пытаннях рэінтэграцыі часова акупаваных тэрыторый Ірына Верашчук. Яе словы прыводзіць "Укрінформ".

"Тое, што цяпер з імі (гэтымі людзьмі) адбываецца, на жаль, гэта той сумны вынік, калі людзі не чулі і не слухалі ўладу, калі мы казалі і ладзілі ім магчымасці для эвакуацыі", — сказала Верашчук.

Паводле яе слоў, жыхароў горада пачалі вывозіць у фільтрацыйныя лагеры, дзе іх правяраюць на праўкраінскую пазіцыю або прыналежнасць да ўзброеных сіл. "А потым зноў іх б'юць, катуюць і праз нейкі час выпускаюць", — распавядае Верашчук.

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў чарговым звароце заклікаў грамадзян па магчымасці распаўсюджваць на акупаваных тэрыторыях інфармацыю аб поспехах Узброеных Сіл Украіны. Ён нагадаў, што расіяне закрылі доступ да сацыяльных сетак, мэсэнджараў і YouTube. "Расійскія сілы заблакавалі любую магчымасць для людзей ведаць праўду аб тым, што адбываецца", — кажа Зяленскі.

На дадзены момант кантакты з расійскай перамоўнай групай падтрымліваюцца выключна на ўзроўні гуманітарных падгруп, заявіў дарадца кіраўніка Офіса прэзідэнта Украіны Міхаіл Падаляк.

"Пэўныя кантакты ёсць, але на ўзроўні гуманітарных падгруп. Таму што пастаянна трэба вырашаць пытанні і абмену палоннымі, і абмену целамі. І па магчымасці, усё ж пэўныя гуманітарныя калідоры адкрываць і іншае. З пункту гледжання палітыка-дыпламатычнай, цяпер на паўзе", — сказаў ён.

Паўза ўзнікла, таму што "Расія, усё ж мяркуе, што ў іх цяпер дастаткова жывой сілы, якую будзе не шкада выкарыстоўваць у якасці "расходнага матэрыялу, які не шкада страціць на полі бою".

Яшчэ адзін дарадца кіраўніка Офіса украінскага прэзідэнта Аляксей Арастовіч агучыў свой новы прагноз па тэрмінах заканчэння вайны ва Украіне. Цяпер, па яго думку, Украіна "разбярэцца з гэтай праблемай" за 2,5 года. Гэта ён заявіў падчас прамога эфіру з Маркам Фейгіным.

"З актыўнымі ваеннымі дзеяннямі, я думаю, яшчэ хутчэй. Паглядзець. Цяжка сказаць, але я думаю, што ўсё будзе ў парадку", — сказаў ён. УНІАН нагадвае, што раней Арастовіч даваў больш аптымістычныя прагнозы. У канцы траўня ён казаў, што вайна працягнецца некалькі месяцаў. У канцы красавіка сцвярджаў, што ўсё скончыцца да канца гэтага года. Арастовіч нават спрабаваў растлумачыць, чаму ягоныя прагнозы не заўсёды спраўджваюцца. Галоўная прычына, па яго словах, у ідыятызме расійскага палітычнага кіраўніцтва.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі