Вы тут

Раманчуку так і не патлумачылі, чаму забаранілі ўезд у Шэнгенскую зону

Яраслаў Раманчук / Еўрарадыё

Літоўскія праваахоўнікі так і не патлумачылі прэзідэнту Навукова-даследчага цэнтра Мізэса Беларусі Яраславу Раманчуку, чаму яму забаронены ўезд у краіны Шэнгенскай зоны.

Раней Еўрарадыё паведамляла, што Раманчук у кастрычніку падаваў заяву на візу ў літоўскую амбасаду, але атрымаў адмову. У амбасадзе яму выдалі пісьмовую адмову, у якой гаварылася, што адна або некалькі дзяржаў-чальцоў Шэнгенскай зоны лічаць, што Раманчук ўяўляе пагрозу для грамадскай палітыкі, унутранай бяспекі, грамадскага аховы здароўя.

Неафіцыйна беларускі палітык даведаўся, што ў "чорны спіс" яго ўнесла Літва. Ён мяркуе, што падставай сталі яго каментары пра датычнасць літоўскіх сілавікоў да кантрабанды цыгарэтаў з Беларусі.

Забарона на ўезд бестэрміновая. Рашэнне пра яе прымае МУС Літвы, растлумачылі Раманчуку ў амбасадзе. 

Яшчэ ў лістападзе эканаміст напісаў лісты ў МУС Літвы, каб атрымаць тлумачэнне наконт забароны. З адказу Дэпартамента міграцыі МУС Літвы Раманчук даведаўся, што яго запыт быў аформлены не па правілах.

"І адфутболілі мяне, такі тыповы бюракратычны пінг-понг, усе як вады ў рот набралі. Я напісаў сваім калегам у Інстытут свабоднага рынку, каб яны дапамаглі, а таксама ў Бюро крымінальнай паліцыі Літвы, якія займаюцца візамі. Таксама вывучаю магчымасць падаць у суд у Літве. Пакуль іншых варыянтаў няма", — распавёў Раманчук у каментары TUT.by.

Журналісты TUT.by таксама звярнуліся з запытам наконт Раманчука ў Дэпартамент міграцыі пры МУС Літвы. Чыноўнікі адказалі ім, што "гэты тып інфармацыі недаступны".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.