П’яны кіроўца “паклаў” слуп на чужое аўто ў сталічнай Малінаўцы (фота)
Нецвярозы кіроўца на Audi стаў вінаватым у аварыі, якая здарылася сёння ўначы на вуліцы Слабадской у Мінску. Мужчына вяртаўся дадому позна ўначы на сваім аўто. Ён развіў немалую хуткасць і не справіўся з кіраваннем, з-за чаго ўрэзаўся ў прыдарожны слуп. Канструкцыя абрынулася на праезную частку і перагарадзіла яе, а таксама зачапіла прыпаркаваны на супрацьлеглым краі дарогі Volksvagen Tiguan, паведамляе Onliner.by са спасылкай на ДАІ Маскоўскага раёна сталіцы.
Чужы аўтамабіль атрымаў значныя пашкоджанні, Audi п’янага аўтамабіліста таксама пабітая. Апроч таго, з-за падзення слупа абарваліся электрычныя правады. Затое сам кіроўца не пацярпеў. ДАІ высветліла, што гэты 45-гадовы мужчына амаль год таму быў пазбаўлены правоў за язду ў нецвярозым стане. Цяпер яму пагражае крымінальная адказнасць і канфіскацыя машыны.
Фота: ДАІ