Вы тут

Пуцін падаў у Дзярждуму праект змен у Канстытуцыю Расіі

Уладзімір Пуцін / Reuters

Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін падаў у Дзярждуму праект закона аб папраўках у Канстытуцыю. Дакумент апублікаваны на сайце Дзярждумы. Разгледзець папраўкі расійскі парламент павінен 23 студзеня.

Працоўная група, створаная з ініцыятывы Пуціна, прапанавала папраўкі ў больш як дзесяць артыкулаў Канстытуцыі. Напрыклад, прапануецца абмежаваць прэзідэнцкія тэрміны — не больш за два тэрміны: з Канстытуцыі прыбіраюць слова "запар". Мінімальны памер аплаты працы прапануецца зрабіць не меншым, чым пражытковы мінімум. Таксама прапануецца замацаваць прыярытэт Канстытуцыі над міжнародным правам.

Акрамя таго, прэзідэнтамі Расіі не змогуць быць людзі, якія жывуць у краіне менш за 25 гадоў і калі-небудзь мелі замежнае грамадзянства або від на жыхарства. Аднак з гэтага пункту ёсць і выключэнне: былыя грамадзяне дзяржавы, якая "была прынятая або частка якой была прынятая ў Расійскую Федэрацыю". 

Паводле расійскага заканадаўства, змены ў Канстытуцыі павінны быць вынесеныя на агульнарасійскае галасаванне.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.