Вы тут

Пры паездцы ў аграхолдынг "Купалаўскае" Лукашэнка паздымаў з пасад чыноўнікаў

president.gov.by

Пасля паездкі ў аграхолдынг "Купалаўскае" Аляксандр Лукашэнка даручыў зняць з пасад усіх вінаватых, хто не забяспечыў належныя ўмовы гаспадарання і вытворчай дысцыпліны ў гаспадарцы, перадае БЕЛТА.

Як распавядала Еўрарадыё, умовы, у якіх трымаюць жывёлу ў "Купалаўскім" Лукашэнка параўнаў з Асвенцімам. 

Потым ён запатрабаваў адвезці яго на іншыя базы гаспадаркі. На механічным двары кіраўнік дзяржавы таксама пабачыў безгаспадарчасць, хаця напярэдадні тэрыторыю правяраў кіраўнік аграхолдынга і там "наводзілі парадак". На мехдвары ў неналежных умовах стаяла непрацуючая тэхніка, якая чакае рамонту ўжо некалькі гадоў, ён завалены металаломам і старымі запчасткамі. У ангарах Лукашэнка пабачыў груды зламанага абсталявання. Выявілася, што некаторую тэхніку купілі нядаўна, але не выкарыстоўвалі, і з часам яна стала непрыдатнай. "Вакол могілкі — што на вуліцы, што пад дахам", — заявіў кіраўнік дзяржавы.

Ён даручыў старшыні Камітэту дзяржкантролю Леаніду Анфімаву зняць з пасад усіх вінаватых і пачаць на іх крымінальныя справы. "Вінаваты — кайданкі і адразу ў следчы ізалятар", — прыгразіў Лукашэнка.

Цяперашняга старшыню Шклоўскага райвыканкама Васіля Віцюнова ён прызначыў кіраўніком аграхолдынга "Купалаўскае". Памочнік прэзідэнта па Магілёўскай вобласці Генадзь Лаўранкоў прызначаны выканаўцам абавязкаў старшыні райвыканкама. Магілёўскай вобласцю будзе кіраваць пакуль што яго цяперашні першы намеснік Мікалай Кароцін. Раней вобласцю кіраваў Мікалай Даманеўскі.

Па іншых службовых асобах Лукашэнка даручыў Адміністрацыі прэзідэнта зрабіць прапановы ў бліжэйшы час.

Нагадаем, што папярэдні кіраўнік аграхолдынгу "Купалаўскае" Дзмітрый Васілеўскі павесіўся год таму — 31 сакавіка 2018-га. У перадсмяротнай запісцы ён пісаў, што сыходзіць з жыцця па ўласнай волі.