Прэзідэнт Нікарагуа перамог на выбарах з 75% галасоў пры няяўцы выбаршчыкаў

Даніэль Артэга і яго жонка Разарыа Мурылья ў часе ўрачыстасці, прысвечанай іх перамозе на выбарах у Нікарагуа​ / Confidencial
Даніэль Артэга і яго жонка Разарыа Мурылья ў часе ўрачыстасці, прысвечанай іх перамозе на выбарах у Нікарагуа​ / Confidencial

7 лістапада ў Нікарагуа адбыліся прэзідэнцкія выбары. Фактычны байкот з боку выбаршчыкаў (на выбары не прыйшлі звыш 80% тых, хто мае права голасу) не перашкодзіў прэзідэнту Даніэлю Артэгу набраць 75% галасоў. "Элегантная" перамога і тое, як праходзілі выбары, вельмі нагадала Еўрарадыё Беларусь. Незалежнае медыя Confidencial расказвае, як да ўлады зноў прыйшоў той жа прэзідэнт, дзе яго апаненты і хто ва ўсім вінаваты.

На ўрачыстым мерапрыемстве з нагоды перавыбрання, якое адбылося ў абстаноўцы поўнай адсутнасці палітычнай канкурэнцыі і з блаславення Вышэйшага выбарчага савета, Даніэль Артэга прысвяціў доўгую паўтарагадзінную прамову, якую транслявалі па радыё і тэлебачанні, нападкам на міжнародную супольнасць. У асноўным — на Еўрапейскі саюз і Злучаныя Штаты, якіх ён назваў "фашыстамі" і "нацыстамі" за тое, што яны не прызналі вынікі нікарагуанскіх выбараў і асудзілі іх.

Паводле інфармацыі на панядзелак, 8 лістапада, 38 краін не прызналі законнасць выбараў, якія прынеслі перамогу — 75,92% галасоў — Артэгу і ягонай жонцы Разарыа Мурылья. Пры гэтым, паводле ацэнак руху грамадскіх назіральнікаў Urnas Abiertas ("Адкрытыя урны"), на ўсеагульных выбарах у Нікарагуа 7 лістапада яўка выбаршчыкаў вагалася паміж 16 і 21%. У сярэднім па краіне назіральнікі ацэньваюць яе ў 18,5% — гэта значыць 81,5% тых, хто мае права голасу, на ўчасткі не прыйшлі. Звесткі былі атрыманы ад 1450 добраахвотнікаў, якія праводзілі грамадзянскае назіранне за ходам галасавання. На прэс-канферэнцыі прэс-сакратар Urnas Abiertas Ліхія Гомэс нагадала, што на выбарах 2011 і 2016 гадоў няяўка складала 45% і 72% адпаведна.

У сваім выступе Артэга назваў палітычных канкурэнтаў, сярод якіх сямёра кандыдатаў на пасаду прэзідэнта краіны, зняволеных напярэдадні выбараў у турме, "суччынымі дзецьмі імперыялістаў" у дадатак да яго звычайных эпітэтаў "здраднікі Радзімы і прадажныя пачвары".

"Таксама як прэзідэнт Рузвельт казаў, што "Самоса — суччын сын, але наш суччын сын", так і гэтыя, якія цяпер за кратамі, — суччыны дзеці імперыялістаў-янкі. Іх трэба выслаць у Злучаныя Штаты, таму што яны не нікарагуанцы, у іх няма краіны, і хай яны там і робяць тое, што ім належыць па статусе рабоў імперыі, здраднікаў сваёй Радзімы", — выкрыкваў Артэга пад апладысменты сваіх паслядоўнікаў.

Сярод вязняў сумлення — кандыдаты ў прэзідэнты ад апазіцыі Крысціяна Чамора, Артура Крус, Фелікс Марадзьяга, Хуан Себасцьян Чамора, Медарда Майрэна, Мігель Мора і Наэль Відурэ, абвінавачаныя ў змове супраць нацыянальнага суверэнітэту і адмыванні грошай. Апошняе апытанне службы CID Gallup, праведзенае ў кастрычніку на заказ CONFIDENCIAL, паказала, што любы з сямі зняволеных кандыдатаў перамог бы Артэгу на свабодных выбарах, атрымаўшы 65% галасоў супраць 17% за Артэгу.

У часе мерапрыемства прэзідэнта суправаджалі на трыбуне найвышэйшыя чыны нікарагуанскага войска і нацыянальнай паліцыі, а таксама дыпламатычныя прадстаўнікі Абхазіі, Паўднёвай Асеціі і Расійскай Федэрацыі.

Президент Никарагуа победил на выборах с 75% голосов при неявке избирателей
Выбары ў Нікарагуа 7 лістапада 2021 года / Confidencial

Назваў кіраўнікоў краін Еўропы "фашыстамі і нацыстамі"  

Артэга абрынуўся з крытыкай на Іспанію і Еўрапейскі саюз, адзначыўшы, што іх урады кантралююцца фашыстамі і нацыстамі, якія заўсёды дэманструюць тое, што ён называе "каланізатарскім менталітэтам".

"Мы бачым паўтор гісторыі, калі ў арганізацыі, сёння вядомай як Еўрапейскі саюз, засядае большасць парламентарыяў-фашыстаў і нацыстаў. Гэта і ёсць еўрапейская дэмакратыя. Яны пры ўладзе ў большасці фашысцкіх краін, а ў Еўрапейскім парламенце большасць яго сябраў — фашысты і нацысты", — сказаў Артэга.

"Вось чаму столькі нянавісці да народаў, якія, як мы, змагаюцца за сваю незалежнасць, за свой суверэнітэт? Вось чаму столькі нянавісці да Кубы, Венесуэлы, Балівіі? Яны заўсёды адчуваюць, што гэтыя народы працягваюць бунтаваць і разрываць кайданы каланіялізму", — працягнуў ён.

Дарэчы сказаць, на сённяшні момант, адзінымі трыма краінамі ў Амерыцы, якія прызналі вынікі галасавання і павіншавалі Артэгу і Мурылья з іх перамогай на выбарах, сталі Куба, Венесуэла і Балівія.

Артэга таксама павітаў таварышаў па перадвыбарнай кампаніі, якія прыйшлі падтрымаць яго ў працэсе галасавання, а таксама апраўдаў сваю забарону на доступ міжнароднай прэсы для асвятлення гэтых неправамоцных выбараў, заявіўшы, што журналісты — "супрацоўнікі спецслужбаў ЗША".

Нарэшце, прэзідэнт запатрабаваў, каб міжнародная супольнасць прызнала вынікі галасавання. "Мы настойваем на тым, што мы — прыхільнікі справы міру. Народ з энтузіязмам галасаваў за мір. Мы патрабуем, каб дзяржавы, якія толькі і робяць, што пагражаюць нам, зразумелі, што мы стаім за добрыя, паважлівыя адносіны".

Пазней мерапрыемства плаўна перацякло ў канцэрт, прысвечаны вынікам галасавання, з музыкай, танцамі і дронамі. Сам Артэга нават сышоў уніз са свайго ўзвышэння, каб усіх павітаць, зрабіць сэлфі і патанцаваць з удзельнікамі музычных гуртоў, якія ажывілі яго прамову хвалебнымі песнямі.

Тым часам, паводле ацэнак назіральнікаў з Urnas Abiertas, выбары прайшлі з вялізнымі парушэннямі. У першыя ж гадзіны галасавання 7 лістапада ў Нікарагуа на ўчастках у розных раёнах краіны было зарэгістравана больш за 200 парушэнняў і фактаў гвалту, пацвердзіла справаздача Urnas Abiertas. Да сярэдзіны дня (16:30) рознага роду парушэнні былі адзначаны ва ўсіх дэпартаментах і ў 119 муніцыпалітэтах (гэта 78% муніцыпалітэтаў краіны). Сярод іх такія парушэнні, як адмова ў доступе на ўчасткі правяральнікам ад партыі "Хрысціянскі шлях" (CCN) — адной з пяці малых партый, зарэгістраваных разам з кіраўнічым Сандзінісцкім фронтам. А таксама запалохванне з боку прадзяржаўных сіл, арышты і напады на незалежных журналістаў, прысутнасць паліцыі і ўзброеных асоб на ўчастках.

Асобна назіральнікі адзначылі факты прымусу да галасавання, асабліва дзяржаўных службоўцаў. Кіраўнікі дзяржаўных арганізацый прымушалі падначаленых прад'яўляць доказы галасавання за Сандзінісцкі фронт [праўладная партыя. — Рэд.]. Напрыклад, фатаграфаваць бюлетэнь са сваім імем і крыжыкам насупраць назвы патрэбнай партыі і пасылаць фота начальніку. Былі выпадкі запалохвання настаўнікаў дзяржаўных школ: ім казалі, што за ўчасткамі сочаць і, калі настаўнікі не пойдуць галасаваць, іх чакаюць рэпрэсіі.

Urnas Abiertas таксама атрымалі скаргі ад студэнтаў Нацыянальнага аўтаномнага ўніверсітэта Нікарагуа, якіх прымушалі галасаваць пад пагрозай "адабраць у іх стыпендыю".

Па матэрыялах Confidencial, "Медиасеть"

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі