Вы тут

Прэзідэнт — іншароднае цела: што партыі прапануюць памяняць у Канстытуцыі

Папраўкі ў Канстытуцыю — хлопатнае дзельца.​

Ідэя канстытуцыйнай рэформы, якая актыўна прасоўвалася праз дзяржСМІ, апошнім часам адышла на другі план. Тым не менш па ўсёй Беларусі ствараюцца "дыялогавыя пляцоўкі", а дэпутаты і дзяржорганы працягваюць збіраць прапановы па папраўках у Канстытуцыю.

Кіраўніцтва краіны чакае, што ў працэс актыўна ўключацца палітычныя партыі. І некаторыя з іх ужо ўнеслі свае прапановы. У іншых ёсць сваё бачанне асноўнага закона, але ў дыялогу з уладай яны не бачаць сэнсу.

Еўрарадыё пагутарыла з лідарамі беларускіх партый розных кірункаў, каб даведацца, ці ўносілі яны свае прапановы па рэфармаванні Канстытуцыі і ці гатовыя наогул гаварыць пра гэта з уладай.

ЛДПБ: замацаваць статус сям'і, забараніць "перапісваць гісторыю"

— Для нашай партыі самае галоўнае з таго, што мы ўбачылі за гэтыя месяцы: тое, што мы казалі тры гады, пяць гадоў таму — гэта ўсё актуальнае. І тыя прапановы, з якімі мы цяпер выходзім, былі намі сфармуляваны яшчэ некалькі гадоў таму. Калі б мы іх [змены. — Еўрарадыё] ажыццявілі пасля мінулых прэзідэнцкіх выбараў, у 2015 годзе, у нас не было б такіх складаных выбараў цяпер, — кажа кіраўнік беларускіх ліберал-дэмакратаў дэпутат Алег Гайдукевіч.

Ён упэўнены, што мяняць трэба не толькі Канстытуцыю, але і выбарчае заканадаўства. Ён настойвае на неабходнасці пераходу да выбараў у парламент па прапарцыйна-мажарытарнай сістэме.

— Гэта зменіць краіну ўжо на наступны год, таму што з'явіцца прадстаўніцтва розных поглядаў на ўсіх узроўнях заканадаўчай улады. І гэта вельмі важна, таму што чалавеку не трэба ісці на вуліцу выказваць сваё меркаванне, а трэба ісці да дэпутата, — тлумачыць ён.

Трэба сказаць, ужо сёння "ў чалавека" ёсць магчымасць пайсці "да дэпутата". Аднак вырашыць адчувальныя пытанні гэта не дапамагае.

Іншыя прапановы ЛДПБ — узмацненне мясцовых органаў улады і пераразмеркаванне паўнамоцтваў паміж заканадаўчай, выканаўчай уладай і прэзідэнтам.

— Цяпер прапрацоўваюцца прапановы датычна іншых сфер. Напрыклад, наша партыя падтрымае ўмацаванне інстытута сям'і. Вельмі шмат прапаноў ад грамадзян па гэтым пытанні. Шмат прапаноў. Хтосьці прапануе напісаць, што сям'я — гэта саюз мужчыны і жанчыны, як гэта было зроблена ў Расіі.

Цяпер, тлумачыць Гайдукевіч, партыйныя юрысты фармулююць гэтыя прапановы. У тым ліку яшчэ адну цікавую — пра "недапушчэнне перапісвання гісторыі нашай краіны, асабліва Вялікай Айчыннай".

"Справядлівы свет": прыбраць пасаду прэзідэнта

Лідар партыі левых "Справядлівы свет" Сяргей Калякін расказвае, што ў яго руху вырашылі не вынаходзіць Канстытуцыю нанова. У іх ёсць праект, распрацаваны фракцыяй камуністаў і аграрыяў яшчэ ў 1996 годзе. Гэты варыянт, нагадвае палітык, разглядаўся на вядомым рэферэндуме па змене Канстытуцыі, але прайграў прэзідэнцкаму праекту.

— Пазіцыя партыі па канстытуцыйных пытаннях вядомая: мы супраць пасады прэзідэнта і лічым, што Беларусь павінна быць парламенцкай рэспублікай. Усе беды, якія мае Беларусь на сёння, — гэта вынік незаконнага ўвядзення ў 1994 годзе пасады прэзідэнта пад ціскам тагачаснага прэм'ер-міністра краіны Кебіча і яго атачэння. Фактычна было праціснута гэта незаконнае іншароднае цела ў палітычнае жыццё нашай краіны, і мы лічым, што гэта трэба ліквідаваць.

"Абмеркаванне" як канстытуцыйных, так і іншых палітычных пытанняў, якое  адбываецца цяпер, Калякін называе прафанацыяй.

— Сёння мы бачым, што ўлады спрабуюць чарговы раз выдаць за дэмакратызацыю абсалютна недэмакратычныя рэчы, напрыклад наданне статусу Усебеларускаму народнаму сходу. Яны будуць спрабаваць надаць яму статус найвышэйшага органа народаўладдзя. Паўнамоцтвы ад прэзідэнта парламенту перадаюць вельмі малалікія, гэта дэкаратыўна і нічога не вырашае. Усе рычагі кіравання застаюцца ў руках у прэзідэнта.

Папраўкі ў Канстытуцыю, якія абмяркоўваюцца сёння на "круглых сталах",  Калякін лічыць "касметычнымі".

— Гаварыць пра канстытуцыйную рэформу можна будзе толькі пасля сыходу Лукашэнкі ў адстаўку. Да гэтага гэта будуць гульні, спроба падмануць чарговы раз людзей, як гэта было ў 1996-м, — упэўнены Калякін.

На ягоную думку, усё гэта — каб адцягнуць людзей ад "прававога бязмежжа" ў краіне: "Гэта падман людзей, а мы ў падмане не вельмі хочам удзельнічаць".

Удзельнічаць у "круглым стале дэмакратычных сіл", анансаваным Юрыем Васкрасенскім для выхаду з палітычнага крызісу і абмеркавання змен у Канстытуцыю, Калякін і яго партыя не будуць.

— Васкрасенскі — гэта правакатар! Нават калі б ён запрасіў, мы б не пайшлі. Я добра ведаю гэтага чалавека яшчэ з 1990-х гадоў, ведаю ўсе яго справы. І сумленным людзям трэба трымацца ад яго далей, можна аб яго замарацца, — заключае кіраўнік партыі левых "Справядлівы свет".

БСДП (Грамада): новую Канстытуцыю можна абмяркоўваць пасля новых выбараў

Кіраўнік Беларускай сацыяльна-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ігар Барысаў расказвае, што свой варыянт Канстытуцыі структура накіравала ў дзяржорганы і нават універсітэты яшчэ ў пачатку года.

— Мы проста прадублявалі тое, што ўжо рабілі раней. Але, улічваючы сітуацыю, не маюць значэння праўкі. Мае значэнне менавіта сама сітуацыя, у якой мы знаходзімся.

Калі наяўная Канстытуцыя не працуе, то і новая не будзе. Таму ў першую чаргу гаворка павінна ісці пра ўсталяванне дэмакратыі ў краіне. А дэмакратыю можна вярнуць толькі праз свабодныя справядлівыя выбары. Толькі калі гэта будзе выканана, толькі тады можна прымаць любыя папраўкі ў Канстытуцыю.

Барысаў тлумачыць сваю пазіцыю: парламент, які можа мяняць некаторыя раздзелы Канстытуцыі, нелегітымны, пытанні ёсць і да Цэнтрвыбаркама.

— Калі там [у ЦВК. — Еўрарадыё] не будзе прадстаўнікоў дэмакратычнай грамадскасці, калі іх не будзе ў складзе тэрытарыяльных і іншых камісій, то як можна давяраць інстытуту выбараў?

Дыялог, упэўнены кіраўнік БДСП(Г), улады хочуць падмяніць размовай з самімі сабой.

— Ужо і фігура ёсць, якая хоча прадстаўляць усю апазіцыю, — Юрый Васкрасенскі. Але гэта ўсё, вядома, не так. Я на цяперашні момант не ўпэўнены, што Юрый Васкрасенскі можа прадстаўляць апазыцыю ў якасці дыялогавай пляцоўкі.

Тое, што адбываецца, кіраўнік партыі называе "стварэннем выгадных для сябе кіраваных пляцовак, дзе можна навязваць рашэнні".

— Гэта пакуль што нават блізка не падпадае пад само паняцце перамоў.

БНФ: прапаноў не падавалі — не мае сэнсу

Сваю пазіцыю Партыя БНФ накіравала ў парламент яшчэ ў сярэдзіне кастрычніка.

— І наша пазіцыя цвёрдая: Партыя БНФ гатовая і можа ўдзельнічаць у любым перамоўным працэсе. Але ў нас ёсць пэўныя патрабаванні: павінна быць ажыццёўлена вызваленне ўсіх палітычных зняволеных, расследаванні па фактах усіх злачынстваў сілавымі структурамі, гвалту над удзельнікамі мірных шэсцяў і дэманстрацый. І патрабуем выканання хоць бы сённяшняй Канстытуцыі. Навошта прымаць новую, калі гэта не выконваецца? — расказвае кіраўнік БНФ Рыгор Кастусёў.

Партыя прапаноўвала дзесяць крокаў па выхадзе з палітычнага крызісу. Але прапаноў па зменах у Канстытуцыю не рабілі — чакаюць "выканання дзейнай".

"Зялёныя": больш мясцовага самакіравання

У Беларускай партыі "Зялёныя" прапановы па папраўках у Канстытуцыю ёсць.

— У прыватнасці, па мясцовым самакіраванні. Сутнасць: больш паўнамоцтваў рэгіёнам на мясцовым узроўні, іншыя механізмы фінансавання і датацыі. Гэтыя прапановы мы накіравалі ў Мінгарвыканкам і там абмяркоўвалі на круглым стале дэмакратычных партый, — расказвае Еўрарадыё кіраўнік партыі Дзмітрый Кучук.

Сур'ёзных прапаноў для абмеркавання пытання, кажа Кучук, партыя не атрымлівала. У прынцыпе ў "круглых сталах" беларускія "Зялёныя" ўдзельнічаць наўрад ці будуць.

— Разумеем, што ідзе працэс забоўтвання праблемы. Няма рашэнняў, калі будуць новыя выбары. У нас цяпер палітычны крызіс і прэзідэнт лічыцца нелегітымным. Пакуль на гэтыя пытанні адказу няма, мы не бачым сэнсу ўдзельнічаць у розных пляцоўках.

"Круглы стол дэмакратычных сіл" Кучук лічыць імітацыяй дыялогу. Кіраўнік партыі ўпэўнены, што ён павінен стварацца на больш высокім узроўні.

— Важная частка гэтага працэсу — тое, што павінна быць прадстаўленая Святлана Ціханоўская. На такіх умовах можна пачаць хоць бы нешта абмяркоўваць.

РППС: што прапаноўвалі — шукайце на АНТ

Кіраўнік прарасійскай Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці (РППС) Васіль Задняпраны гаворыць пра прапановы па зменах у Канстытуцыю неахвотна.

— Мы гэта анансавалі ўсюды. І на АНТ, і на "Спутнике". Збіралі круглыя сталы, перш за ўсё ў Віцебску. Мы агучвалі нашыя ўсе бачанні па будучых зменах у Канстытуцыі.

Расказваць падрабязнасці Задняпраны не хоча.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.