Вы тут

Прэс-сакратара МУС звольнілі за ролік з выбачэннямі падлетка?

Скрыншот CTV.by.

Паводле інфармацыі Еўрарадыё, ад пасады начальніка ўпраўлення інфармацыі і грамадскіх сувязей МУС Беларусі вызвалілі Георгія Яўчара. Наша крыніца паведамляе, што гэта звязана з ролікам, дзе падлетак просіць прабачэння перад скульптурай "Мінскага гарадавога".

З сайта МУС знікла інфармацыя пра імя, пасаду і нумар тэлефона начальніка УІГС, зараз там пазначаны кантакты толькі намесніка начальніка прэс-службы ведамства.

Скрыншот з сайта mvd.gov.by

Еўрарадыё не ўдалося аператыўна праверыць інфармацыю. У прыёмнай міністра ўнутраных спраў Ігара Шуневіча журналістаў перанакіравалі ў прэс-службу. Але датэлефанавацца да намесніка начальніка УІГС Віктара Новікава пакуль немагчыма.

У каментары "Нашай Ніве" Яўчар сказаў, што цяпер знаходзіцца ў адпачынку, пасля выхаду з якога будзе зразумела, ці  працягне ён службу ў МУС.

Георгій Яўчар ўзначаліў прэс-службу МУС 7 сакавіка 2018 года, замяніўшы на гэтай пасадзе Канстанціна Шалькевіча. Да гэтага ён быў намеснікам прэс-сакратара, а раней узначальваў прэс-службу УУС Гродзенскага аблвыканкама.

14 лістапада 16-гадовы Арсеній, праходзячы міма скульптуры гарадавога, ударыў яе па галаве. Але не ўлічыў, што на "гарадавых" пастаянна нацэлена асобная камера відэаназірання, устаноўленая на будынку МУС. Хлопца адразу ж затрымаў нарад. На падлетка склалі адміністрацыйны пратакол. А ў якасці паказальнага пакарання для хлопца міліцыя прыдумала публічнае прабачэнне перад помнікам. Прабачэнні знялі на відэа і апублікавалі на сайце ведамства.

“Шчыра шкадую аб тым, што зрабіў, праявіў непавагу да гісторыі міліцыі. Прашу прабачэння за свае дзеянні ва ўсіх супрацоўнікаў і ў гэтага помніка”, - сказаў падлетак на камеру для міліцыянтаў.

Публікацыя роліка выклікала рэзка негатыўную рэакцыю ў грамадстве, па сацыяльных сетках распаўсюдзіўся флэшмоб #памятникпрости.