Праз санкцыі аэрапорт "Мінск" перайшоў на чатырохдзённы працоўны графік

Праз санкцыі персанал Нацыянальнага аэрапорта "Мінск" быў вымушаны перайсці на чатырохдзённы працоўны тыдзень. Пра гэта расказаў гендырэктар аэрапорта Вячаслаў Харанека.

Ён кажа, што беларуская авіяцыя мае цяжкасці з пастаўкамі новага тэхналагічнага абсталявання і абслугоўваннем ужо наяўнага. Ёсць пытанні і з замежным праграмным забеспячэннем.

Альтэрнатыву пачалі шукаць з пачатку 2022 года. "У частцы імпартазамяшчэння вядзецца актыўная праца з беларускімі вытворцамі. Да прыкладу, вядзем перамовы з айчынным вытворцам хімрэагентаў, акумулятарных батарэй, асвятляльных прыбораў і гэтак далей", — падзяліўся падрабязнасцямі Харанека.

Пераход на чатырохдзённы працоўны тыдзень і прастой для зменнага персаналу гендырэктар патлумачыў эканамічнай сітуацыяй. 

Беларускія самалёты страцілі магчымасць лятаць у аэпапорты ЕС і пралятаць над тэрыторыяй Еўрасаюза пасля інцыдэнту з самалётам кампаніі RyanAir. Таксама еўрапейскія перавозчыкі сталі аблятаць паветраную прастору Беларусі. У дадатак кампанія "Белавія" была вымушаная вярнуць некаторыя свае самалёты лізінгавым кампаніям і скараціць флот да 15 самалётаў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.