Прадалі першую канфіскаваную яхту расійскага алігарха, які трапіў пад санкцыі

Яхта Axioma / Reuters
Яхта Axioma / Reuters

У Гібралтары на аўкцыёне прадалі першую канфіскаваную яхту расійскага алігарха, які трапіў пад санкцыі праз вайну з Украінай. Пра гэта расказвае Reuters. 

Гаворка ідзе пра пяціпалубную 72-метровую яхту Axioma. Яна змяшчае 12 чалавек у шасці каютах. Тут ёсць басейн, СПА-салон, 3D-кінатэатр і рыштунак для водных відаў спорту. На разгляд былі пададзеныя 63 заяўкі. Хто стаў новым уладальнікам і колькі ён заплаціў за судна, стане вядома пазней.

Раней яхта належала мільярдэру Дзмітрыю Пумпянскаму. Ён трапіў у санкцыйны спіс ЕС яшчэ 10 сакавіка, праз пару дзён абмежаванні ў дачыненні да яго ўвяла і Вялікабрытанія. Пумпянскі валодае доляй у кампаніі "ТМК", якая з'яўляецца найбуйнейшым вытворцам труб у Расіі. Кампанія пастаўляла свае трубы ў тым ліку і "Газпрому" для будаўніцтва "Паўночнага патоку — 2".

Axioma стала першай канфіскаванай яхтай, якую выставілі на аўкцыён з тых часоў, як Захад увёў санкцыі супраць уплывовых расіян. Між тым такіх яхт і дамоў, звязаных з расійскімі алігархамі, пасля пачатку вайны было канфіскавана некалькі дзясяткаў. "Брытанскія і амерыканскія ўлады заявілі, што будуць імкнуцца накіраваць даходы ад прададзеных актываў ва Украіну", — нагадвае Reuters.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі