Вы тут

Праціўнікі акумулятарнага завода зноў выйшлі на галоўную плошчу Брэста

Фота: "Брестская газета"

У нядзелю, 24 лістапада на плошчы Леніна ў Брэсце прайшло традыцыйнае "Кармленне галубоў" — так мясцовыя актывісты пратэстуюць супраць акумулятарнага завода. На гэты раз яны сустрэліся, каб абмеркаваць экскурсію на завод "АйПауэр", якую 21 лістапада арганізавалі мясцовыя ўлады, і на якую кіраўніцтва АКБ не пусціла лідараў пратэстуючых Дзям'яна Лепясевіча і Дзмітрыя Бекалюка, а таксама траіх запрошаных імі спецыялістаў.

Актывісты заявілі, што без спецыялістаў на заводзе ім рабіць няма чаго, і раз'ехаліся. Каментары старшыні гарвыканкама Аляксандра Рагачука не пераканалі іх, што завод не працуе.

"Я разумею, калі б Рагачук раптам бы туды прыехаў, асабліва ўвечары ў суботу, і паглядзеў, чым яны там займаюцца — гэта было б сур'ёзна. А калі ім за два тыдні сказалі, што будзе экскурсія, давайце, рыхтуйцеся... За гэты час завод можна выдраць да люстранога бляску",цытуе актывіста Алега Вялава "Брестская газета".

Фота: "Брестская газета"

Актывісты звяртаюць увагу, што хаця лінія па вытворчасці акумулятараў і не запушчаная, завод ужо генеруе іншыя адкіды: ад разборкі акумулятарных батарэй, ад перапрацоўкі ўжо зробленых пласцін. "Тое, што гэтая дзейнасць вядзецца, пацвярджаюць фота і тэлесюжэты, якія я бачыў пасля экскурсіі. Таму і не пусцілі туды спецыяліста — Дзям'яна Лепясевіча. Ён бы паказаў, якія вытворчыя працэсы могуць ісці на заводзе, мяркуючы па стане абсталявання", — разважае Зміцер Бекалюк.

Актывісты дамагаюцца правядзення грамадскай экалагічнай экспертызы праекта завода.

Будаўніцтва акумулятарнага завода "АйПауэр" у СЭЗ "Брэст" пачалося ў канцы 2017 года. Запуск прадпрыемства быў запланаваны на жнівень 2018 года, з тых часоў тэрміны рэгулярна падаўжаюцца. Адна з прычын такой сітуацыі — кампанія супраць завода, якую разгарнулі мясцовыя актывісты. Яны лічаць вытворчасць неэкалагічнай, а таксама — што яна нясе пагрозу навакольнаму асяроддзю. Пачынаючы з 4 сакавіка 2018 года праціўнікі завода кожную нядзелю выходзяць на вуліцы Брэста "пакарміць галубоў".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.