Вы тут

Праціўнік брэсцкага акумулятарнага завода звярнуўся ў Рассельгаснагляд

vladtime.ru

Адзін з актывістаў, якія пратэстуюць супраць будаўніцтва акумулятарнага завода ў Брэсце, Дзмітрый Бекалюк атрымаў адказ на свой зварот у Рассельгаснагляд. 

Напрыканцы ліпеня Бекалюк даслаў зварот, у якім выказваў занепакоенасць тым, што непадалёк ад прадпрыемства вядзецца сельскагаспадарчая дзейнасць. Там пасвяцца каровы, а таксама вырошчваюцца сельскагаспадарчыя культуры. Актывіст адзначаў, што яны "ідуць і на корм каровам, якія даюць малако ў тым ліку і для малочных прадпрыемстваў Брэсцкага рэгіёну, [і вырошчваюцца] вакол тэрыторый, якія падвяргаюцца з пачатку працы завода пастаяннаму кругласутачнаму забруджванню цяжкім таксічным металам [свінцом]".

Свой ліст ён накіраваў у беларускія Мінсельгасхарч, Мінпрыроды, Мінздароўя, КДК, КДБ, Генпракуратуру, а таксама ў ФСБ, Рассельгаснагляд і шэраг буйных прадпрыемстваў-вытворцаў харчовай прадукцыі Брэста і раёна. Ён прасіў спыніць сельскагаспадарчую дзейнасць вакол акумулятарнага завода ў радыўсе не менш за 3 км.

На пачатку жніўня актывіст атрымаў адказ з Рассельгаснагляду. Расійскае ведамства паведаміла, што загадала сваім тэрытарыяльным упраўленняям узмацніць лабараторны кантроль над жывёлагадоўчай прадукцыяй з брэсцкіх прадпрыемстваў. 

Мінсельгасхарч Беларусі ў сваім адказе Бекалюку паведаміў, што ў нашай краіне дзейнічае жорсткая трохступеньчатая сістэма кантролю таксічных элементаў, у тым ліку свінцу. Кантролем утрымання свінцу ў малацэ і малакапрадуктах займаюцца і сельскагаспадарчыя арганізацыі, і малакаперапрацоўчыя прадпрыемствы.

"Згодна з аналітычнымі дадзенымі за 7 месяцаў 2019 года, пры правядзенні лабараторных выпрабаванняў харчовай сыравіны, харчовай прадукцыі і кармоў, вырабленых на тэрыторыі Беларусі, узораў з утрыманнем свінцу вышэй за вызначаныя нормы не выяўлена", — гаворыцца ў адказе Мінсельгасхарча.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.