Вы тут

Плошча пустых офісаў у Мінску патроілася, і трэнд на "пусты офіс" захаваецца

Офіс / empire.ru

У Мінску за год утрая вырасла плошча выстаўленых у арэнду офісаў, а стаўкі ўпалі на 20%. Рыэлтары пацвярджаюць: попыт на офісным рынку рэкордна ўпаў, такіх паказчыкаў за апошнія 6 гадоў не было. З чым гэта звязана, разбіралася Еўрарадыё.

Статыстыка офісаў у арэнду ў Мінску / Твая сталіца

Трэнд на "пусты офіс" захаваецца

У мінскім агенцтве нерухомасці "Твая сталіца" прагназуюць, што трэнд на зніжэнне ставак арэнды і рост прапановы над попытам бліжэйшым часам захаваецца. Чаму склалася такая сітуацыя?

Па-першае, офісы вызваляюць у асноўным IT-кампаніі. "Значная частка супрацоўнікаў падобных кампаній працягвае заставацца на аддаленай працы. Пры гэтым новыя супрацоўнікі часцяком набіраюцца менавіта ў такім фармаце", — тлумачаць у агенцтве. Шматлікія кампаніі з'язджаюць з Беларусі. Толькі ў Літву пачалі рэлакацыю 43 беларускія кампаніі і яшчэ 37 разглядаюць такі варыянт.

Па-другое, у Мінску з'яўляюцца новыя плошчы. Паводле інфармацыі агенцтва, у сталіцы на розных стадыях будаўніцтва знаходзяцца блізу 10 бізнес-цэнтраў, іх сукупная офісная плошча — 150 тыс. кв. м. Як мінімум 37 тыс. кв. м з іх могуць выйсці на рынак ужо ў гэтым годзе, што яшчэ больш абвострыць канкурэнцыю паміж арэндадаўцамі.

Па-трэцяе, на рынак уплывае непрагназуемая эканамічная і пандэмічная сітуацыя ў краіне і свеце, кажуць спецыялісты. "Ускладняла сітуацыю нестабільнасць абменнага курсу — дакладней, рост замежных валют, у выніку чаго кошт арэнды ў беларускіх рублях для абсалютнай большасці арандатараў прапарцыйна павялічвалася. Пандэмія плюс абменны курс, які расце, выступілі першапачатковым актыватарам. А цяпер у бізнесу з'явіліся дадатковыя стрэс-фактары", — адказваюць Еўрарадыё ў "Тваёй сталіцы".

99 мінскіх бізнес-цэнтраў на выбар

Статыстыка офісаў у арэнду ў Мінску / Твая сталіца

У выніку колькасць офісаў у арэнду — на 169% больш за аналагічны перыяд мінулага года і на 274% больш за аналагічны перыяд 2019 г. Калі вясной 2020-га свабодныя офісы можна было знайсці ў 58 бізнес-цэнтрах, то цяпер на выбар ужо 99 бізнес-цэнтраў. Чаго чакаць далей?

— На пытанне кліентаў аб тым, што будзе далей, мы адказваем рэкамендацыяй не чакаць цуду і падладжвацца пад існуючыя рэаліі рынку. А яны такія, што сёння значна больш выгадна ўтрымаць бягучага арандатара, даўшы яму зніжку, чым потым шукаць новага і губляць на простае, — кажуць рыэлтары.

Кватэр, якія здаюцца ў арэнду, стала больш на траціну

У параўнанні з лістападам 2020 года, колькасць кватэр у арэнду ў бюджэтным сегменце павялічылася на 30-35%. А сегмент элітных кватэр (ад 500 USD/мес.) застаўся без істотных змен.

Рыэлтары тлумачаць гэта ў першую чаргу тым, што многія кватэры вызваліліся. "У сітуацыі зніжэння даходаў насельніцтва, абцяжаранага ростам абменнага курсу USD, арандатары просяць зніжку на кошт арэнды, а ў выпадку калі яе не даюць, вымушаныя шукаць больш бюджэтнае па кошце жыллё. Альбо вырашаць сваё жыллёвае пытанне інакш — у выпадку з маладымі сем'ямі гэта часцяком вяртанне да бацькоў", — расказваюць спецыялісты.

Другая прычына — павелічэнне колькасці прапанаваных у арэнду кватэр. Гэта можа быць звязана з тым, што беларусы ў пошуках альтэрнатыўных варыянтаў захавання сродкаў куплялі нерухомасць для здачы ў арэнду.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.