Вы тут

“Планую, што законапраект пра БЧБ-сцяг разгледзяць падчас восеньскай сесіі”

Фота: tut.by

Распрацаваны дэпутатам Ганнай Канапацкай законапраект “Аб выкарыстанні і ахове бел-чырвона-белага сцяга” могуць разгледзець ужо на восеньскай сесіі Палаты прадстаўнікоў. Менавіта на такія тэмпы падрыхтоўкі законапраекта да разгляду яго ў Авальнай зале яна разлічвае. Пра гэта Ганна Канапацкая заявіла ў жывым эфіры Еўрарадыё.

Ганна Канапацкая: “Найбліжэйшымі днямі гэты законапраект з абгрунтаваннем і ўсімі неабходнымі дакументамі будзе накіраваны ва ўсе дзяржаўныя органы і профільныя міністэрствы. Потым ён павінен атрымаць экспертную згоду ў Нацыянальным цэнтры заканадаўства і прававых даследаванняў. Атрымаўшы станоўчыя водгукі ад усіх гэтых дзяржаўных органаў і ўстаноў, я пакладу гэты законапраект на стол Палаты прадстаўнікоў”.

Праўда, дадае Канапацкая, існуе небяспека, што законапраект могуць “зарубіць” альбо падчас вывучэння ў профільнай камісіі, альбо ў Савеце Палаты прадстаўнікоў. Каб гэтага не здарылася, мяркуе грамадскі актывіст Павел Белавус, сваю пазіцыю па пытанні мусяць актыўна выказаць шараговыя беларусы.

Павел Белавус: “Мы будзем звяртацца і да журналістаў, і да актывістаў, каб яны звязваліся з сябрамі камісіі, што будуць вывучаць гэты законапраект, і прасілі агучыць іх асабістую пазіцыю па пытанні прызнання бел-чырвона-белага сцяга гісторыка-культурнай каштоўнасцю”.

Па словах Белавуса, мяркуецца, што ў гарадах Беларусі пройдзе акцыя “Наш сцяг”, падчас якой будуць збірацца подпісы ў падтрымку распрацаванага Ганнай Канапацкай законапраекта.

Цалкам размову з Ганнай Канапацкай і Паўлам Белавусам можна паглядзець тут: