Пікет ля Камароўкі: У суботу мы тут за 4 гадзіны каля 100 подпісаў сабралі!
“Мы назіраем дастаткова нізкі ўзровень цікавасці грамадзян да кандыдатаў з ліку прадстаўнікоў розных апазіцыйных структур. У іх узнікаюць сур’ёзныя праблемы са зборам подпісаў”, — заяўляе журналістам 18 ліпеня старшыня КДБ Валерый Вакульчык пасля сустрэчы з кіраўніком краіны.
Але адкуль у КДБ такая інфармацыя — сацыялагічнае даследаванне ці, можа, аператыўнае сачэнне?
Прэс-сакратар КДБ у адпачынку, апроч яго размаўляць з журналістамі ў гэтай установе ніхто не мае права.
Сакратар Цэнтрвыбаркама Мікалай Лазавік упэўнены: сабраць неабходную тысячу подпісаў вялікай цяжкасці няма:
“Каб дзесяці чалавекам цягам месяца сабраць 1 тысячу подпісаў, то кожны з іх павінен сабраць па 100 подпісаў. Альбо ў сярэднім па 3 подпісы ў дзень. Гэта падпісаць сваякоў, сваіх суседзяў ну і, можа, прайсці яшчэ ў суседні дом. Задача нескладаная”.
Па словах Мікалая Лазавіка, рабіць высновы пра цікавасць да кандыдата рана. Асабліва з улікам таго, што пераважную большасць подпісаў збіраюць не на пікетах, а падчас абходу кватэр. Старшыня ж КДБ, лічыць Лазавік, арыентаваўся на “паказчыкі” з пікетаў.
Але атрымліваецца, што супрацоўнікі КДБ сочаць за тым, за каго людзі падпісваюцца?
Сакратар ЦВК не бачыць у гэтым нічога дрэннага, бо “ў пытаннях нацыянальнай бяспекі дробязяў няма” і трэба сачыць, каб не заклікалі пад відам пікету па зборы подпісаў да звяржэння ўлады.
Мікалай Лазавік: “Неабходна не губляць пільнасці і адсочваць усе працэсы”.
Тое, што “органы” пільнасці не губляюць, распавядаюць мне і хлопцы з пікета ля Камароўскага рынку па зборы подпісаў за кандыдата ад АГП Вольгу Маёраву. Дзяніс з усмешкай кажа пра прыгожую дзяўчыну, якая сёння падыходзіла да іх, правярала пасведчанні, распытвала, колькі часу плануюць тут стаяць, а потым некаму тэлефанавала са справаздачай.
Пакуль мы размаўляем, подпісы за кандыдата ад АГП ставяць два чалавекі. Аднаго з іх пытаюся, ці не баіцца падпісвацца за прадстаўніка апазіцыі.
“Мяне ўжо даўно нічога не палохае — я ў Афганістане сваё адпалохаўся”, — спакойна адказвае мужчына.
Нечакана Дзяніс гаворыць, што людзі нават больш актыўныя, чым у прэзідэнцкую кампанію: “У суботу мы тут за 4 гадзіны сабралі каля 100 подпісаў! Тут натоўп стаяў, насамрэч!”.
Што людзі падпісваюцца даволі актыўна, кажуць і сябры ініцыятыўнай групы побач — яны збіраюць подпісы да актывіста БХД Максіма Гацака. За паўгадзіны ля Камароўкі ў аўторак, хваляцца, сабралі ўжо 7 подпісаў.
Падыходзіць жанчына, чытае інфармацыю на стэндзе, зазірае ў сваю сумку — не ўзяла з сабой пашпарт.
Але гэта меркаванне тых, хто ля пікетаў спыняецца. А што пра выбары і кандыдатаў думаюць тыя, хто праходзіць міма?
“Ведаеце, я нават пакуль не думала пра гэта… — адказвае на мае пытанні жанчына. — Дарэчы, а калі выбары будуць? 11 верасня? Ну, то ў мяне яшчэ ёсць час падумаць!”.
Еўрарадыё: А для вас ёсць розніца, апазіцыянер гэты кандыдат ці не?
— Ёсць. Я, напэўна, супраць апазіцыі…
Еўрарадыё: Чаму?
— Ну, не ведаю… Вось такое маё меркаванне!
Побач з апазіцыйнымі на ганку Камароўскага рынку стаіць пікет за дзейнага дэпутата парламента Дзмітрыя Шаўцова. Падыходжу і чую, што, каб падпісацца за Шаўцова, штодня ледзь не натоўпы людзей стаяць.
Еўрарадыё: А наколькі актыўна да пікетаў кандыдатаў ад апазіцыі людзі падыходзяць?
— Калі шчыра, я не вельмі звяртаю ўвагу на іх пікеты. Сур’ёзна! Да нас людзі падыходзяць актыўна і часта, мы размаўляем з грамадзянамі, і глядзець, што там адбываецца, я не хачу.
Еўрарадыё: Ну, вось я тут хаджу хвілін 10, і да вас ніхто не падыходзіў — быў час паглядзець па баках, звярнуць увагу на тое, ці ёсць людзі ля пікетаў канкурэнтаў…
— Ну… дык і ў іх, здаецца, нікога ў гэты час не было!
Ну амаль як у старшыні КДБ уважлівасць!
Фота Змітра Лукашука