Клон "Песняроў" ў Адэсе падтрымаў канцэртамі двух розных кандыдатаў у дэпутаты

Клон "Песняроў" ў Адэсе падтрымаў канцэртамі двух розных кандыдатаў у дэпутаты

Беларускія "Песняры" падтрымалі ў Адэсе канцэртамі двух розных кандыдатаў у дэпутаты ў Вярхоўную Раду Украіны. Як паведамляе Громадське, 5 ліпеня беларускія музыкі выступілі на канцэрце за Дмытра Танцюру, які балатуецца па 133 акрузе. Праз паўтары гадзіны ўжо гралі і спявалі на шоў у падтрымку Генадзія Чэкіты, які балатуецца на суседняй, 134 акрузе.

На першым канцэрце прысутнічаў сам кандыдат Дмытро Танцюра і ён распавёў, што выступ "Песняроў" абышоўся яму ў 50 тысяч грыўняў (гэта прыкладна 4 тысячы беларускіх рублёў). Кандыдат ідзе на выбары шляхам самавылучэння, але з'яўляецца сябрам партыі "Давярай справам", гэтак званай "партыі мэраў". Танцюра не ўважае канцэрт подкупам выбаршчыкаў.

Колькі заплацілі за ўдзел "Песняроў" у другім канцэрце, дзе давялося выступаць за Чэкіту, не ўдакладняецца.

Лідар гурту Вадзім Касенка заявіў, што не ўяўляе, якім чынам вырашалася гэтае пытанне. Ён сказаў, што яго справа — проста выступіць і ўсе пытанні параіў задаваць дырэктару.

Пасля выхаду гэтага тэкста мы атрымалі заўвагу ад Рамана Козырава, мастацкага кіраўніка Беларускага дзяржаўнага ансамбля "Песняры":

"Вышэйзгаданыя асобы да ансамбля "Песняры" не маюць ніякага дачынення. Пра што мы інфармавалі ўкраінскі бок. Гэтыя людзі незаконна выкарыстоўваюць знак "Песняры", які зарэгістраваны Беларускім дзяржаўным ансамблем "Песняры" на тэрыторыі Беларусі, Расіі, Украіны і мае міжнародную рэгістрацыю. А гэта звычайны клон ансамбля".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі