Першая смерць ад каранавіруса ў Еўропе: памёр пацыент у Францыі
Парыж, Францыя / Reuters
Міністр аховы здароўя Францыі Аньес Бузін абвясціла пра гэта на тэлебачанне.
Францыя абвясціла аб першай смерці ад каранавіруса за межамі Азіі. Міністр аховы здароўя Францыі Аньес Бузін заявіла, што чалавек прыбыў з кітайскай правінцыі Хубэй, дзе цяпер найбольшая колькасць захварэўшых на новы вірус.
Першым загінулым па-за Азіяй ад каранавірусу апынуўся 80-гадовы кітайскі турыст, ён памёр у бальніцы ў Парыжы ў пятніцу. Чалавек прыбыў у Францыю 16 студзеня і быў шпіталізаваны ў бальніцу імя Біхата-Клода Бернара 25 студзеня, паведамляе New York Times.
"Яго стан хутка пагоршыўся, і ён знаходзіўся ў крытычным стане на працягу некалькіх дзён", — распавяла Аньес Бузін ў тэлевізійнай заяве.
Асоба пацыента невядомая. Вядома, што дачка мужчыны таксама заразілася каранавірусам, і была шпіталізавана ў Парыжы. Але па словах міністра аховы здароўя Францыі — дзяўчына павінна быць у хуткім часе выпісана.
Загінулы і яго дачка былі сярод 11 пацверджаных выпадкаў у Францыі, у тым ліку пяць брытанскіх грамадзян, якія засталіся ў лыжным шале ў французскіх Альпах.
Тым часам у Кітаі ахвярамі каранавіруса ўжо сталі 1523 чалавекі. Колькасць захварэўшых дасягнула 66,4 тысяч чалавек, паправіліся 8096 людзей, паведамляе Дзяржаўны камітэт па пытаннях гігіены і аховы здароўя.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.